Затрыманых актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” будуць судзіць у панядзелак
Траіх маладых людзей абвінавачваюць у дробным хуліганстве.
22 чэрвеня ў Мінскім раённым судзе чакаюцца працэсы над актывістамі руху “Еўрапейская Беларусь” Максімам Вінярскім, Леанідам Кулаковым і Сяргеем Мацкойцем. Іх затрымалі 19 чэрвеня каля гіпермаркета “Гіпа” на Лагойскім тракце пад час акцыі ў падтрымку гомельскага апазіцыянера Юрыя Рубцова.
Актывісты спрабавалі вывесіць транспарант з надпісам “Свабоду Рубцову”. Нагадаем, што апазіцыянер 28 траўня быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі, а “Міжнародная амністыя” прызнала яго вязнем сумлення.
Затрыманых сябраў “Еўрапейскай Беларусі” спачатку даставілі ў Партызанскі РУУС, а затым перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна. Імаверна, іх абвінавачваюць у дробным хуліганстве, паведамляе БелаПАН.