Затрыманых журналістаў выпусцілі з ЦІП на Акрэсціна
З Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна выпусцілі затрыманых журналістаў — Надзею Калініну, Аляксея Суднікава (абодва з TUT.by), Сяргея Шчогалева, Мікіту Дубалеку (Недаверкава), Марыя Эляшэвіч (“Комсомольская правда в Беларуси"), Андрэя Шаўлюгу (БелаПАН). Каля ЦІП іх сустракалі калегі.
Па іх словах, міліцыянты абыходзіліся з імі ветліва. У камерах на Акрэсціна яны бачылі асуджаных тэлевядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзмітрыя Кахно, асуджаных на 10 сутак.
Пасля выхаду журналісты сфатаграфаваліся з заўтрашнім нумарам "Комсомольской правды", якая выходзіць з іх партрэтамі на першай паласе.
Гаворачы пра свае жаданні пасля вызвалення, Андрэй Шаўлюга абазначыў іх так — каньяку з ікрой і навіны пачытаць: "Не ведаю, што там творыцца".
Нагадаем, што шасцярых журналістаў недзяржаўных СМІ міліцыянты затрымалі 1 верасня падчас маршу студэнтаў у Мінску. Пры затрыманні міліцыянты казалі, што ім неабходна праверыць дакументы ў журналістаў. Аднак потым на іх склалі пратаколы як на ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.
Суды над журналістамі зацягнулі настолькі, каб даць ім мінімальнае пакаранне — трое сутак. Гэты тэрмін журналісты прасядзелі пад вартай ужо да суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.