Затрыманыя чыноўніцы пазбаўлялі ліцэнзій абаронцаў удзельнікаў Плошчы
КДБ затрымаў начальніцу ўпраўлення Міністэрства юстыцыі і яе намесніцу. Адбылося гэта падчас атрымання хабару ў памеры 1000 долараў. (ВІДЭА)
Супраць чыноўніц распачатая крымінальная справа па артыкуле "атрыманне хабару групай асобаў".
Тым часам з'явілася інфармацыя пра асобы затрыманых. Верагодна, гэта начальніца ўпраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Мінюста Галіна Г. і яе намесніца Наталля Б.
Вось што Еўрарадыё распавяла праваабаронца Таццяна Равяка:
"Гэта якраз тыя людзі, якія прымалі рашэнні па пазбаўленні адвакатаў ліцэнзій, якія абаранялі ўдзельнікаў Плошчы 2010 года... Яшчэ нядаўна, у чэрвені, каментуючы вяртанне ліцэнзіі адной з адвакатак, чыноўніца [начальніца ўпраўлення] якраз згадала і пра іншых адвакатаў, якія, нібыта, добра ўладкаваліся на высокааплочваемыя працы. Вядома, ім было прафесійна крыўдна было гэта пачуць... А зараз жыццё так павярнулася, што гэтым людзям [чыноўніцам] самім патрэбная адвакацкая дапамога".
Нагадаем, усе затрыманыя, у тым ліку і бізнесмен, які даваў хабар, знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.