Затрыманыя некалькі кіраўнікоў "Мінгазу", іх абвінавачваюць у карупцыі
Затрыманыя некалькі службовых асобаў унітарнага прадпрыемства "Мінгаз". Іх абвінавачваюць у карупцыі. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, сваё службовае становішча ў карыслівых мэтах выкарыстоўвалі начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела службы арганізацыі выканання мантажных і рамонтных работ прадпрыемства (пазней ён стаў кіраўніком гэтай службы) і начальнік участка будаўнічых работ.
Падчас газіфікацыі шэрагу аб'ектаў у Мінскай вобласці выкарыстоўваліся рэсурсы "Мінгазу", хаця некаторыя работы мусілі выконваць прыватныя арганізацыі. У дакументах гэта не адлюстроўвалася. Прыватныя арганізацыі атрымлівалі грошы за тое, што не выконвалі. Часткай сродкаў яны "дзяліліся" са згаданымі службовымі асобамі "Мінгазу" (незаконнае ўзнагароджанне склала 100 млн рублёў).
Унітарнаму прадпрыемству былі нанесеныя страты на суму больш за 450 мільёнаў рублёў.
Падчас расследавання сталі вядомыя і іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці аднаго з абвінавачаных. У адным выпадку ён патрабаваў хабар у прадпрымальніка і атрымаў яго частку — 1500 долараў.
Дзеянні аднаго з кіраўнікоў "Мінгазу" кваліфікавалі, як "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое пацягнула цяжкія наступствы" і "атрыманне хабару паўторна, у буйным памеры". Другую службовую асобу абвінавачваюць не толькі ў гэтых злачынствах, але і ў "падбухторванні да дачы хабару паўторна, у буйным памеры", у "замаху на махлярства, здзейсненае ў буйным памеры".
Абодва абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Накладзены арышт на іх маёмасць на агульную суму больш за 460 мільёнаў рублёў.
Крымінальную справу неўзабаве могуць перадаць у суд.