Завяршылі расследаванне справы Латыпава, затрыманага на "Плошчы Перамен"

Завяршылі расследаванне справы Латыпава, затрыманага на "Плошчы Перамен"

Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы Сцяпана Латыпава, затрыманага ў верасні 2020-га на "Плошчы Перамен". Справа накіраваная пракурору для перадачу ў суд.

Латыпава затрымалі на "Плошчы Перамен", калі ён патрабаваў ад міліцыянтаў прадставіцца і паказаць дакументы. Мужчына не падпускаў іх да трансфарматарнай будкі, на якой былі партрэты Дыджэяў Перамен. Пасля яго затрымання на БТ была агучаная інфармацыя, быццам ён планаваў атруціць міліцыянтаў, таму і збіраў хімікаты.

Як заяўляюць у Следчым камітэце, у жніўні 2020-га Латыпаў аб'яднаў вакол сябе групу людзей "для сумеснага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі сталіцы". Ён стварыў дваровы чат у Telegram, дзе, па версіі следства, "заклікаў яго ўдзельнікаў да стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве".

Латыпаў, па версіі следства, арганізоўваў дваровыя сустрэчы, раўспаўсюд "агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў пратэснага характару на фасады будынкаў і збудаванняў". Таксама ён, нібыта, стварыў майстэрні па вырабе "пратэснай сімволікі", у тым ліку сцягоў. На гэта ўсё ён, паводле матэрялаў справы, арганізаваў збор сродкаў.

У віну Латыпаву ставіцца і тое, што ён агітаваў іншых мінчукоў ствараць такія ж чаты і дваровыя супольнасці ў іншых раёнах Мінска. 

Каб скампраметаваць прадпрымальніцкую дзейнасць Латыпава, Следчы камітэт заяўляе, што праверка фірмы "Беларбо", дзе ён быў дырэктарам і бухгалтарам, выявіла "факты крадзяжу і неналежнага аказання паслуг, парушэння правілаў абыходжання са сродкамі хімічнай абароны раслін, іх незаконнага набыцця і выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці".

Маўляў, з красавіка 2019 года па верасень 2020-га Палтыпаў падманам атрымаў 16 юрыдычных асоб больш за 123 тысячы рублёў. Следчыя заяўляюць, што прадпрымальнік заяўляў, што будзе змагацца супраць баршчэўніка дарагім і высакаякасным сродкам, а насамрэч выкарыстоўваў таннае і несертыфікаванае ў Беларусі рэчыва.

Латыпаву выставілі абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

чч. 1, 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях);

363 (супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку);

209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры).

Мужчына па-ранейшаму застаецца пад вартай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі