Збітая машынай ДАІ салігарчанка: У мяне ўсё яшчэ кружыцца галава і моташна

Збітая машынай ДАІ салігарчанка: У мяне ўсё яшчэ кружыцца галава і моташна

Жыхарку Салігорска Вольгу Шырадод на “зебры” збівае машына ДАІ 29 снежня а 8-й раніцы. Цяпер Вольга знаходзіцца ў бальніцы і яшчэ пакуль дрэнна сябе адчувае.

“Баліць галава, кружыцца, моташна. Паклалі мяне з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Са мной следчыя не звязваліся”, — расказвае Вольга.

Раніцай яна ішла на працу, працуе мастаком-афармляльнікам, пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе, але паспела перайсці толькі адну паласу. 

 

Пасля праверкі ў Вольгі канстатавалі “лёгкае алкагольнае ап’яненне”, хаця яна сумняваецца ў якасці экспертызы.

“Я бачыла машыну здалёк, у нас па горадзе хуткасць абмежаваная ў 60 кіламетраў за гадзіну, як мяне можна было не заўважыць? Адразу кіроўца папрасіў прабачэння і сказаў, што вінаваты. Але ўжо пазней, у ДАІ казаў, што “выбачайце, так бывае”.

У прыёмным пакоі не было нарколага, мне не паказвалі ніякіх паперак, ніякіх вынікаў. Таму вялікае пытанне да гэтага агляду”.

Праз пяць дзён пасля аварыі ў міліцыі прызналі, што ў ДТЗ вінаваты іх супрацоўнік.

“Супрацоўнік ДАІ знаходзіўся на службе, прайшоў агляд на ступень фізічнага стану да ДТЗ і пасля ДТЗ у бальніцы. Кіроўца быў цвярозы. Мы праводзім праверку, пасля якой будуць дадзеныя канчатковыя вынікі. Паводле папярэдняй ацэнкі, ДТЗ адбылося па віне супрацоўніка ДАІ, гаворка вядзецца пра парушэнне правілаў дарожнага руху: не прапусціў пешахода на пераходзе”, — паведаміў Еўрарадыё супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Яўген Сачак.

Месца дарогі, дзе адбылося ДТЗ, было асветленае, аварыя адбылася ў цёмны час, асфальт быў мокры, дадаюць у міліцыі.

Прыгадаем іншыя аварыі з удзелам міліцыі.

Кастрычнік 2017. У Бярозаўцы Лідскага раёна намеснік начальніка Гродзенскай міліцыі Уладзімір Сацюк на асабістым аўтамабілі збівае на пешаходным пераходзе мясцовую жыхарку Тамару. Тая трапляе ў бальніцу і пераносіць дзве аперацыі. Праз два месяцы у Следчым камітэце яшчэ нічога не могуць паведаміць наконт заведзенай крымінальнай справы па факце прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці. 

Лістапад 2017. П’яны начальнік ДАІ Баранавічаў насмерць збівае 36-гадовую жанчыну. Яго асудзілі на сем гадоў калоніі.

Травень 2017. Міліцэйскі УАЗік збівае раварыста на пешаходным пераходзе. Раварыст атрымлівае страсенне мазгоў і пералом скулавай косткі. Раварыст ехаў на зялёны сігнал светлафора, хаця мусіў злезці з ровара, але і міліцэйская машына таксама ехала на зялёны. Па факце ДТЗ ДАІ праводзіла праверку. Вынікі не агучылі дагэтуль.

Красавік 2017. За рулём затрымліваюць п’янага начальніка Столінскага РАУС Вячаслава Філіпчыка. Яму далі штраф і звольнілі з органаў

Красавік 2017. Супрацоўнік міліцыі збівае на BMW двух пешаходаў у Старых Дарогах. Абодва пешаходы былі п’яныя.

Жнівень 2017. П’яны супрацоўнік міліцыі выязджае на сустрэчную паласу і тараніць плот. Пацярпела 18-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася на пярэднім крэсле. Ужо былога міліцыянта асудзілі на пяць гадоў калоніі.

Збітая машынай ДАІ салігарчанка: У мяне ўсё яшчэ кружыцца галава і моташна
Фота з месца аварыі ў Салігорску

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі