"Тамара заўжды носіць флікер". Міліцыянт збіў жанчыну на пешаходным пераходзе
26 кастрычніка міліцэйскі начальнік з Гродна Уладзімір Сацюк збівае на ўласным аўто жыхарку вёскі Бярозаўка Лідскага раёна Тамару Казыра. У афіцыйных зводках гэтая інфармацыя з’яўляецца толькі праз 5 дзён, 1 лістапада.
З афіцыйных паведамленняў незразумела, дзе і пры якіх абставінах была збіта жанчына. Сваякі кажуць, што Тамара Казыра пераходзіла дарогу на пешаходным пераходзе. Гэта было ўвечары, каля 19 гадзінаў. Жанчына заўсёды носіць флікер.
“Мама пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе. Там асвятленне, ліхтар. Цяпер мне нічога не кажуць, пакуль ідзе следства. Пакуль не вельмі яна сябе адчувае. Да яе ходзяць следчыя”, - распавядае дачка пацярпелай Ксенія.
Цяпер Тамара знаходзіцца ў Лідскай лякарні, жанчына перанесла аперацыю на руцэ і назе. Лекары ацэньваюць яе стан як станоўчы.
“Адчувае сябе добра. Учора ёй зрабілі аперацыю на руцэ і назе, бо там былі асколачныя пераломы. Цяпер папраўляецца”, — паведамілі Еўрарадыё ў лякарні.
Уладзімір Сацюк займае пасаду намесніка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама і начальніка міліцыі грамадскай бяспекі амаль 8 гадоў. Палкоўнік родам з Брэста. У яго тры вышэйшыя адукацыі: скончыў БДУІР, Акадэмію МУС, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У сакавіку, да 100-годдзя беларускай міліцыі, дзяржаўнае тэлебачанне прысвяціла Уладзіміру сюжэт.
На Уладзіміра Сацюка распачалі крымінальную справу па артыкуле “Парушэнне правілаў руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання” (ч. 2 арт. 317 КК). Усе абставіны здарэння вывучае Следчы камітэт. І пакуль не паведамляе ніякіх падрабязнасцяў:
Месца аварыі – гэта скрыжаванне вуліц Дзяржынскага і Карзюка. Там сапраўды ёсць пешаходны пераход праз вуліцу Карзюка, адразу каля вуліцы Дзяржынскага. Рух па дарозе насычаны, бо гэта шлях паміж Наваградкам і Лідай.
Увечары 26 кастрычніка, калі адбылася аварыя, быў дождж, што пацвярджаюць супрацоўнікі аўтастанцыі. Яна месціцца ў 100 метрах ад месца здарэння.
“Адсюль нічога не бачна было, бо быў дождж”, — распавядаюць супрацоўнікі аўтастанцыі.
Відавочцы кажуць, што ўмовы аварыі на месцы здарэння высвятлялі восем гадзінаў.
За апошні час налічваем мінімум 5 выпадкаў, калі супрацоўнікі міліцыі ствараюць ДТЗ
Сакавік 2016-га. Маёр міліцыі і інспектар ДПС з Оршы збівае васьмікласніцу, яна трапляе з пераломам у лякарню. У крыві ў супрацоўніка ДАІ знаходзяць 1,6 праміле алкаголю. ДПСніка звальняюць з органаў.
Лістапад 2017. П’яны начальнік ДАІ Баранавічаў насмерць збівае 36-гадовую жанчыну. Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі.
Красавік 2017. За рулём затрымліваюць п’янага начальніка Столінскага РАУСа Вячаслава Філіпчыка. Яму прысудзілі штраф і звольнілі з органаў.
Красавік 2017. Супрацоўнік міліцыі збівае на BMW двух пешаходаў у Старых Дарогах. Абодва пешаходы былі п’яныя.
Жнівень 2017. П’яны супрацоўнік міліцыі выязджае на сустрэчную паласу і тараніць плот. Пацярпела 18-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася на пярэднім крэсле. Пасля ўжо былога міліцыянта асудзілі на 5 гадоў калоніі.