“Зеленбуд” пра дрэвы ў парку: Трэба меткі з іх прыбраць, а то хвалююцца

Поруч са Свіслаччу ў мінскім Цэнтральным дзіцячым парку больш, чым на дзясятку дрэваў жоўтыя крыжы. Можа, высекуць, цікавімся ва упраўленні "Мінскзеленбуда" - Гарадскія паркі Мінскзеленбуда.

“Цяпер праверка ідзе — што з імі рабіць. Яны ўжо шмат жывуць. Іх вызначылі, каб даследаваць. А цяпер гэтыя меткі, відаць, трэба прыбраць, а то вельмі гэта хвалюе жыхароў Мінска”, — тлумачаць Еўрарадыё лёс дрэваў ў ведамстве.

Кіруемся ў парк праверыць і заўважаем: рабочы з сякерай ходзіць каля дрэваў, што поруч са Свіслаччу, але не сячэ… счышчае крыжыкі з дрэваў!

“Гэта пад ссяканне, тут ссякуць і новыя пасадзяць. Тут і крыжыкі з-за гэтага ставілі. На іх месцы будуць садзіцца новыя, цалкам алея, бо гэтыя старыя ўжо”, — расказвае рабочы, якога сустракаю ў парку.

Каля Свіслачы “акрыжавалі” больш за дзясятак дрэваў. Не скажаш, што ўсе старыя. А дзе рабочыя папрацавалі сякерамі, замест крыжоў цяпер засекі: усё адно заўважна, якое дрэва пазначылі.

“Мы часта ходзім у гэты парк. Тут прыгожа, добра. Супраць таго, каб дрэвы высякалі, яны ж не падаюць ні на каго”, — расказвае мне маладая пара: хлопец і дзяўчына гадоў дваццаці, якіх сустракаю ў парку.

Маладая маці з хлопцам і яго бабуляй гуляюць тут жа ў парку.

“А навошта дрэвы гэтыя секчы, — здзіўляецца маладая бабуля Ганна, — Але, калі трэба, то, можа, няхай”.

У размову тут жа ўмешваецца яе дачка Лізавета:

“Я катэгарычна супраць, каб іх ссякалі. Гэта ж старыя дрэвы, яны надаюць атмасферы парку, а так ссякуць, а калі там іншыя вырастуць?”

Раней у парку ссеклі некалькі дрэваў на тэрыторыі, якая належыць клубу па хакеі на траве.

“Тады адно дрэва ўпала само, а пасля яшчэ 8 дрэваў прызналі небяспечнымі ў камісіі ад “Мінскзеленбуда”, — растлумачылі ў клубе.

Пазначаныя крыжамі дрэвы ў парку Горкага

Уздоўж Свіслачы амаль усе дрэвы пазначаныя крыжамі

А тут крыж спрабавалі прыбраць, але метка ўсё адно заўважная

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі