"Землякі, гэта — ганьба!" Як беларускі рэжысёр на Берлінале з'ездзіў

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

70-ы Берлінскі кінафестываль праходзіць з 20 лютага да 3 сакавіка. Прысутнічае на мерапрыемстве ў сталіцы Германіі і беларускі рэжысёр Андрэй Курэйчык, аднак не як удзельнік форуму, а як звычайны глядач і аматар кіно. Беларускія фільмы на фестывалі не прадстаўлены зусім. Гэта і стала прычынай гнеўнага і вельмі эмацыянальнага допіса Курэйчыка ў "Фэйсбуку" ў адносінах да Мінкульта ў прыватнасці і стану спраў у беларускім кінематографе ў цэлым. Аўтара незалежнага кіно Беларусі "бамбанула" не па-дзіцячаму.

"Прадстаўлены ўсе: Расія, Украіна, Арменія, Грузія, Таджыкістан, усе нашы суседзі... Руанда, вашу маць, Руанда мае свой стэнд! Руанда — самая бедная краіна на гэтай планеце! Дзе быў генацыд і поўны п***ц, у яе стэнд на Берлінскім кінарынку. Судан, раздзіраны вайной, самае небяспечнае месца на планеце, як пісалі энцыклапедыі, і той вось вам — на кінарынку! Судан! Ды што Судан — Паўночная Карэя!" — піша Курэйчык.

Рэжысёр нагадвае, што, па версіі Мінкульта, дзяржава ўкладвае па 10 мільёнаў долараў у год у айчынны кінематограф.

"І гэта пры тым, што некалькі мільёнаў долараў падаткаплацельшчыкаў толькі што ўбухалі ў "Купалу" і "Вырвіча". Карціны гатовыя. Іх беларусам не паказваюць. А значыць, тут на EFM проста павінны былі вісець велізарныя постары гэтых карцін з раскладам скрынінгу для баераў, раскладзены флаеры, працаваць медыяэкраны, а ўсё кіраўніцтва "Беларусьфільма", ад Карачэўскага да Поршнева і Ігрушы, павінна было бегаць па стэндах сусветных сэйлз-агентаў, дыстрыб'ютараў, фестывальных агенцтваў, прадаючы карціну, складаючы расклад сусветных паказаў і прэм'ер..." — працягвае рэжысёр.

Курэйчык рэзюмуе свой допіс рытарычным пытаннем: "Навошта здымаць праект [фільм "Купала". — Еўрарадыё], які відавочна не пройдзе ні ў якім выглядзе на расійскім рынку, і наогул не прадстаўляць яго ў Еўропе?!"

Андрэй Курэйчык — беларускі рэжысёр і сцэнарыст, аўтар такіх незалежных беларускіх праектаў, як "Гараш" (2015) і "Party-zan фільм" (2016). Таксама быў суаўтарам буйных расійскіх праектаў: ​​працаваў над сцэнарамі камерцыйна паспяховых фільмаў "Ёлкі" (2017) і "Рух угору" (2017).

У канцы 2019 года Андрэй Курэйчык скончыў у Беларусі здымкі свайго апошняга фільма "LIBERTÉ". Філасофская драма здымалася кінакампаніяй "БезБуслоў Артс" у партнёрстве з "Рэд Студыя" спачатку ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна, а потым у Мінску. Прэм'ера карціны чакаецца ў 2020 годзе. Фільм быў зняты без дзяржаўнай падтрымкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі