Жанчына, якая залезла на кран: Я проста хачу з’ехаць з Мінска

Жанчына, якая залезла на кран: Я проста хачу з’ехаць з Мінска

Раніцай 31 студзеня ў Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" пенсіянерка Галіна Ігнатовіч залезла на вежавы кран і патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым. Еўрарадыё даведалася пра патрабаванні жанчыны.

Еўрарадыё: Чаго канкрэтна вы дамагаецеся?

Галіна Ігнатовіч: Найперш ― прыпынення высялення (менавіта сёння, 31 студзеня сям'ю Галіны Ігнатовіч збіраліся прымусова выселіць судовыя выканаўцы. ― Еўрарадыё). Бо мы падалі наглядную скаргу ў Мінскі гарадскі суд, які раней адмовіў нам у прыпыненні высялення. А другое ― я не хачу кватэру, хачу грошы. У нашым доме пражываюць 11 чалавек, гэта мой былы муж і два маіх сына з нявесткамі і чацвёра іх дзяцей. Нам у якасці кампенсацыі прапаноўваюць 150 “квадратаў”. Ну, яны па законе ўсё прапаноўваюць, я нічога не маю супраць, але я не хачу сабе кватэру! Я хачу грошы, бо хачу паехаць у вёску. У мяне маленькая пенсія, я не пражыву за яе ў горадзе.

Еўрарадыё: А вам прапаноўваюць тры кватэры, як я зразумеў?

Галіна Ігнатовіч: Так, яны прапаноўваюць толькі кватэры. А я асабіста першапачаткова прасіла менавіта грашовую кампенсацыю. Яны мяне падманулі, сказалі, што маюць права толькі на адзін від кампенсацыі: альбо кватэры, альбо грошы. А ў законе ўказана, што кожны ўласнік мае права, незалежна ад іншых уласнікаў, абраць любы від кампенсацыі. Сыны хочуць кватэры, а я хачу грошы. І былы муж таксама хоча грошы, бо ў яго ўвогуле вельмі малая доля ― 1/6, здаецца. А ў мяне адна траціна. Але мне навязваюць кватэру. Я не хачу яе! У мяне маленькая пенсія: 200 рублёў ― што гэта за грошы?! Я не пражыву на іх у горадзе.

Еўрарадыё: Не прасцей было ўзяць кватэру і прадаць яе, як выйсце?

Галіна Ігнатовіч: Я буду на старасці гадоў займацца такімі справамі? Не хачу. А чаму я не маю права ўзяць грошы? Да, выйсце ёсць заўжды і бачыце, якое ў мяне выйсце цяпер? Бо мяне ніхто не хоча слухаць…

У наступны момант сувязь нечакана абарвалася і цяпер тэлефон Галіны Ігнатовіч недаступны.

Раніцай 31 студзеня ў Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" пенсіянерка залезла на вежавы кран. Яна патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым. Менавіта сёння сям'ю Галіны Ігнатовіч збіраліся прымусова выселіць судовыя выканаўцы. Зносіць дом будзе забудоўшчык "Тапас". Кампенсацыя, якую прапанавалі некалькім сем'ям (тры няновыя кватэры), людзей не задаволіла. Ігнатовіч пагражае, што скочыць уніз з крана, калі не будзе забяспечаная кампенсацыя за дом, якая іх задаволіць. Жанчына кажа, што злезе з крана толькі, калі ёй адкажа Шорац. У выніку некалькі супрацоўнікаў МНС залезлі на кран з дапамогай аўталесвіцы. Яны забралі жанчыну з сабой, абвязалі яе тросам, знялі дзяржаўны сцяг і спусціліся на зямлю. Пенсіянерку пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі