Ждановіч: Фільм “Мы браты” гатовы і ляжыць у Нацыянальным архіве РБ
Імправізаваны дыялог, складзены Еўрарадыё з прэтэнзій Курэйчыка пра вытворчасць “нацыянальнага праекту” і адказаў прадзюсара стужкі Сяргея Ждановіча.
На з'ездзе Беларускага саюза кінематаграфістаў разгарэўся чарговы скандал вакол стужкі “Мы браты”, якую здымаюць па замове Міністэрства культуры. Па словах вядомага сцэнарыста Андрэя Курэйчыка, які прысутнічаў на мерапрыемстве, сярод самых гарачых абмеркаванняў было тое, што стваральнікі фільма атрымалі 500 тысяч долараў дзяржаўных датацый і зніклі з імі ў ЗША. Еўрарадыё паразмаўляла з прадзюсарам стужкі Сяргеям Ждановічам, які патлумачыў, што ж насамрэч адбываецца з фільмам і калі яго можна будзе паглядзець.
“Калі ёсць нейкія парушэнні, то гэта ў першую чаргу кампетэнцыя Міністэрства культуры, як замоўцы, які кантралюе, — спакойна тлумачыць Сяргей. — Вы самі падумайце, калі замоўца нічога не кажа пра нейкія там парушэнні, то, напэўна, няма сэнсу паніку ўздымаць. У нас усё ідзе па плане, бо фільм становіцца больш маштабным, кожны крок па прасоўванні, дыстрыбуцыі, фестывалям узгаданяецца”.
Кіраўнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Уладзімір Лісоўскі пацвярджае словы Ждановіча.
“У нас па пунктах прапісаныя абавязкі і правы бакоў прапісаныя, і ў межах гэтых дамоваў вядзецца праца, — здзіўляецца чыноўнік. — Гісторыя пра 500 тысяч долараў для мяне поўная фантастыка. У мяне няма ніякіх афіцыйных пацверджанняў пра выкарыстанне сродкаў не на вытворчасць стужкі”.
Сяргей Ждановіч сапраўды знаходзіцца ў Мінску. Днямі ён сустракаўся з кіраўніком упраўлення кінематаграфіі, але падрабязнасці пакуль не раскрываюць.
Андрэй Курэйчык
“З фільмам нейкія вялікія праблемы, — працягвае дзяліцца чуткамі з Еўрарадыё Андрэй Курэйчык. — Бо амерыканскія партнёры спадара Ждановіча патрабуюць больш грошай. Зыходнікі гэтага фільма, яго фінальную версію з усімі спецэфектамі ды агучкай яны, так скажам, арыштавалі, пакуль ім не аддадуць нейкія там запазычанасці. Міфічныя гэтыя запазычанасці ці рэальныя, я не ведаю. Але па факце абяцанага паказу фільма на Берлінале не было”.
Прадзюсар фільма “Мы браты”, больш вядомага па першапачатковай назве “Авель”, без лішніх прамоваў разбівае і гэтыя прэтэнзіі.
“Фізічна карціна цяпер знаходзіцца ў Дзяржархіве, — кажа Сяргей. — Зробленая версія ў 176 хвілін. А цяпер дапрацоўваецца версія, якая пойдзе за межы Беларусі. Калі мы кажам пра амерыканскі рынак ці Канаду, то, безумоўна, гэта мусіць быць сінхронная англамоўная версія. А гэта цалкам кастынг англамоўных акцёраў, пераагучка і г.д. Гэта вельмі вялікі аб’ём працы, якая цяпер і вядзецца. Але зноў жа, яна мае свае тэрміны, графікі, якія мы выконвалі і будзем выконваць”.
Сяргей Ждановіч дадае, што такога ў Беларусі пакуль ніколі не рабілі, таму нельга казаць пра зацягванне выхаду фільма, бо нават няма з чым параўноўваць.
“Меркавалася, што гэта беларускі нацыянальны праект, які на 100% належыць дзяржаве, — выказвае яшчэ адну прэтэнзію Андрэй Курэйык. — Але цяпер ужо незразумела, на колькі адсоткаў ён належыць дзяржаве. Бо Міністэрства культуры ўклала ў фільм 2.5 мільёна долараў, але цяпер заяўлены бюджэт карціны 5 мільёнаў. Што гэта за другія 2.5 мільёна, невядома. Так што, там вельмі цёмная гісторыя і з правамі на гэты фільм”.
Раней Сяргей Ждановіч распавядаў, што для завяршэння карціны яму давялося закласці ўласную кватэру ды офіс. Што праўда, гэта наўрад ці пакрые суму ў 2.5 мільёна. Паглыбляцца ў камерцыйныя аспекты фільмавытворчасці прадзюсар не пажадаў, а вось наконт правоў на стужку выказаўся.
“Правы на фільм належаць Міністэрству культуры РБ. Гэта заканамерна і нармальна, бо міністэрства — замоўца. А правы на дыстрыбуцыю належаць нашай кампаніі Nonstop Media. Гэта таксама цалкам зразумела і лагічна, бо мы зрабілі гэты прадукт і мы нясем адказнасць. То бок мы маглі б зрабіць гэты фільм і даўно ўжо аддаць яго. Паказалі б яго па беларускім тэлебачанні, паставілі птушку, і ўсё на гэтым. Але Nonstop Media паставіла задачу не проста вярнуць грошы за фільм, але і зарабіць у казну. Дык што ж у гэтым дрэннага?”
Прэм’ера фільма “Мы браты”, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў адзін з дзён Канскага кінафестывалю, які пройдзе ў Францыі з 13 па 24 траўня. Што праўда, адбудзецца гэта па за праграмай. Па словах прадзюсара, такі крок абумоўлены менавіта дыстрыбутарскай выгадай.
Даведка: "Мы, браты" (першапачатковая назва "Авель") — поўнаметражная мастацкая стужка. Кампанія Nonstop Media выйграла нацыянальны конкурс кінапраектаў, адной з умоваў якога быў удзел зоркі класа А (уладальніка прэміі "Оскар") у галоўнай і другаснай ролях. У аснове сюжэта — гісторыя двух братоў, расказаная на фоне розных гістарычных падзей, у тым ліку, Плошчы 2010 года. Для гэтай сцэны прыцягнулі рэкордную колькасць масоўкі: на здымках чатыром тысячам чалавек забаранілі крычаць "Жыве Беларусь" у якасці лозунга і рэкамендавалі замяніць яго на "Штосьці не так". Па словах рэжысёра, канфлікт двух братоў — толькі частка філасофскай праблемы выбару, а таксама барацьбы дабра і зла ў кожным асобным чалавеку.
Здымкі праходзілі ў Беларусі і ЗША. Ролю аднаго з братоў выконвае нямецкі акцёр з беларускімі каранямі Яўген Шмарлоўскі. Рэжысёрам фільма стаў пастаноўшчык трукаў з Амерыкі, які 20 гадоў таму пераехаў з Адэсы, Уільям Дэвіталь. Галоўную ролю выканала амерыканская актрыса з казахскімі каранямі Наташа Алам. Адна з роляў другога плану дасталася амерыканскай актрысе Салі Керклэнд, якая здымалася ў фільме "Брус усемагутны". Ролю шэрага кардынала, медыйнага магната сыграў Эрык Робертс.