Журналіста Алеся Леўчука аштрафавалі на 9 млн рублёў

Брэсцкі журналіст Алесь Ляўчук атрымаў штраф у памеры 50 базавых велічынь. Такое рашэнне 2 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёна Брэста. Пазаштатнага карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН прызналі вінаватым у супрацоўніцтве са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі.

Нагодай для справы стаў рэпартаж пра футбольны матч чэмпіянату Беларусі паміж брэсцкім "Дынама" і "Віцебскам", які прайшоў 3 траўня. Тэлеканал "Белсат" паказаў і кароткае інтэрв'ю з вядомым футбалістам Раманам Васілюком. Аўтарам матэрыяла, на думку праваахоўнікаў, з'яўляўся менавіта Алесь Ляўчук.

На паседжанні Ляўчук віны сваёй не прызнаў і паведаміў, што, сапраўды, браў у капітана каманды "Дынама” (Брэст) інтэрв'ю, але для кампаніі "БелаПАН".

У якасці сведкі ў судзе выступіў і Раман Васілюк. Футбаліст паведаміў, што Ляўчук браў у яго каментар, але для якога інфармацыйнага рэсурса ён не ведаў.

Як паведаміў Еўрарадыё Алесь Ляўчук, у суда не было доказаў таго, што менавіта ён зрабіў гэты матэрыял для "Белсата". Аднак пры вынясенні рашэння суддзя Алег Міранюк не пагадзіўся з журналістам. Аргументы суддзі Ляўчук называе смешнымі:

"Матэрыял на "Белсаце" быў падпісаны літарамі "СА". Спачатку суддзя прачытаў іх лацінкай, але калі выносіў рашэнне, сказаў, што гэта маё імя і імя па бацьку (Алесь Сяргеевіч — Еўрарадыё.), напісанае наадварот, каб адмыслова заблытаць суд і міліцыю".

Рашэнне суда Ленінскага раёну Брэста Алесь Ляўчук збіраецца абскардзіць.

24 чэрвеня на журналіста завялі яшчэ адну аналагічную справу — цяпер ужо за рэзанансны сюжэт пра нядаўні рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі.

Алеся Ляўчука пераследвалі за працу без акрэдытацыі ўжо двойчы: напрыканцы 2014 года ён быў пакараны штрафам у 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), а сёлета ў сакавіку — на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч рублёў), прычым другі суд адбыўся без удзелу самога фрылансера.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі