Журналістаў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на суд пра "0 праміле"

Журналістаў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на суд пра "0 праміле"

На суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным не змаглі акрэдытавацца журналісты недзяржаўных СМІ. Адмовы атрымалі TUT.by, Onliner, "Комсомольская правда в Беларусі", Office.life і інфармагенцтва БелаПАН. 

"Вашая заяўка на акрэдытацыю адхіленая", — цытуе TUT.by словы памочніцы старшыні суда Маскоўскага раёна Марыі Грышанковай. Прычынай яна назвала "абмежаванасць месцаў у зале судовага пасяджэння і меры па недапушчэнні распаўсюду каранавіруснай інфекцыі".

Памочніца старшыні суда лічыць, што акрэдытавалі "дастатковую колькасць СМІ, каб забяспечыць галоснасць судовага пасяджэння". Аднак назваць СМІ, якія атрымалі акрэдытацыю, Грышанкова адмовілася.

Дарэчы, некалькі дзён раней нікога з журналістаў недзяржаўных СМІ не пусцілі на суд над журналісткамі "Белсата" Кацярынай Бахвалавай (Андрэевай) і Дар'яй Чульцовай. Таксама нікога з прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ не акрэдытавалі на суд над экс-старшынёй праўлення "Белгазпрамбанка" Віктарам Бабарыкам: туды трапілі толькі журналісты беларускіх дзяржаўных СМІ і расійскіх інфармагенцтваў.

Доктара БХМД Арцёма Сарокіна і журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч вінавацяць у "разгалошванні медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы" (ч. 3 арт. 178 КК). Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. 

Барысевіч са спасылкай на лекара і меддакументы напісала, што збіты на "Плошчы Перамен" Раман Бандарэнка не быў п'яны. Гэта супярэчыць афіцыйнай версіі, якую агучвалі Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі