Журналістка TUT.by просіць выклікаць у суд Шчоткіну, Качанаву, Савіных

Журналістка TUT.by просіць выклікаць у суд Шчоткіну, Качанаву, Савіных

У судзе Ленінскага раёна Мінска 1 лютага судзяць журналістку TUT.by Надзею Калініну

Як распавядала Еўрарадыё, 29 студзеня журналістка спрабавала трапіць у ДК "Камволь", дзе збіраліся мінскія дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Калініну не пусцілі на мерапрыемства з удзелм топавых чыноўнікаў, а неўзабаве затрымалі.

На судзе выявілася, паведамляе БАЖ, што дзяўчыну вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага пікета: нібыта, яна выкрыквала "правакацыйныя лозунгі" каля праезнай часткі. Таксама на Калініну склалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі падчас незаконнага пікетавання. Ёй пагражае да 25 сутак арышту.

Журналістка сваю віну не прызнала. Па яе словах, у пратаколе сапраўднасці адпавядае толькі адрас затрымання. 

Дзяўчына кажа, што прыехала па заданні рэдакцыі асвятляць з'езд дэлегатаў УНС. Ахоўнік яе не прапусціў, бо яна не была зарэгістраваная. На пытанне, ці можна зарэгістравацца, ёй прапанавалі пачакаць. Пакуль Калініна чакала ў холе, міма яе прайшлі дзясяткі чалавек, у тым ліку намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, экс-міністр працы Мар'яна Шчоткіна і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.

Урэшце з'явіўся ахоўнік і папрасіў журналістку пакінуць памяшканне. "Як толькі я адчыніла дзверы на выхад, то пачула, што хтосьці бяжыць ззаду. Гэта былі супрацоўнікі ў чорным, яны перакрылі мне дарогу. Мяне правялі ў шэры мікрааўтобус, пасадзілі ў яго і павезлі. Ніхто не прадстаўляўся і не пытаўся прычын, чаму я там знаходжуся, у тым ліку на працягу некалькіх гадзін, калі я знаходзілася ў Ленінскім РУУС", — распавяла Калініна.

Па словах дзяўчыны, пратакол, складзены на яе ў Ленінскім РУУСе, не быў пададзены ў суд. Пакуль яна сядзела на Акрэсціна, прыехаў міліцыянт з новым пратаколам. Там быў указаны сведка, які, па словах Калінінай, "з'явіўся ніадкуль", піша TUT.by. 

Дзяўчына распавяла, што ў яе тахікардыя, а ў камеры на Акрэсціна быў востры прыступ мігрэні, ёй рабілі ўкол. У камеры на 5 чалавек знаходзіцца 12, там бракуе кіслароду. Дзве ночы дзяўчына спала на падлозе на сваёй куртцы. Таксама да яе не пускалі адваката.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі