Журналісты даведаліся, што пішуць вядомыя палітвязні напярэдадні Новага года

Палітвязні заклікаюць не траціць надзеі / b-g.by​
Палітвязні заклікаюць не траціць надзеі / b-g.by​

Напярэдадні Новага года журналісты даведаліся, што пішуць вядомыя палітвязні ў лістах, з якім настроем чакаюць свята.

Экс-банкір Віктар Бабарыка, які ў 2020 годзе планаваў пазмагацца за прэзідэнцкую пасаду, але апынуўся за кратамі, заклікае не траціць надзеі і верыць у цуды.

"Толькі той, хто верыць у цуд, будзе цудоўным чалавекам сярод такіх жа сяброў. Дзед Мароз існуе, няважна, верыць нехта ў яго ці не", — напісаў сваёй знаёмай Віктар Бабарыка.

Экс-банкіра і няспраўджанага суперніка Аляксандра Лукашэнкі асудзілі па трох артыкулах КК РБ і прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі. У цяперашні час ён знаходзіцца ў наваполацкай калоніі.

Рэдактарка папулярнага навінавага партала Марына Золатава разам з калегамі была затрыманая ў траўні 2021 года. Іх абвінавачваюць у "саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры".

У сваім пераднавагоднім лісце знаёмым Золатава піша, што ў жыцці заўсёды ёсць месца цуду.

"Трэба толькі вельмі захацець", — упэўненая яна. Рэдактарка таксама расказала, што да сустрэчы Новага года яна падрыхтавалася. У камеры ёсць ялінка з паперы і вязаная сняжынка. Яе нехта даслаў у канверце.

Пра неабходнасць радавацца ў Новы год піша і жыхар "Плошчы Перамен" Сцяпан Латыпаў. Яго сёлета асудзілі на 8,5 гадоў пазбаўлення волі.

"У гэты Новы год хачу паведаміць пра тое, што быць шчаслівай і радавацца — не толькі тваё неад'емнае права, але і абавязак перад тымі, хто гэтага ўжо не можа, але хацеў бы. Памятай пра нас", — напісаў Латыпаў знаёмай.

У цяперашні час ён знаходзіцца ў івацэвіцкай калоніі № 22, якую яшчэ называюць "Воўчыя норы". Пра сябе Латыпаў піша так: "Кормяць проста, але смачна, спадзяюся вярнуць форму і хоць крыху здароўе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі