Жыхар Маларыты вырабляе ўнікальную вопратку з народнымі сімваламі (фота)
Выпускнік энергетычнага факультэта разам з маці вырашылі заняцца гэтым, "каб азнаёміць людзей з тым, што засталося ад продкаў".
“Я пазіцыяную іх як “футболкі з арнаментам”. Вышыванка ― гэта слова ўкраінскае, а ў нас, беларусаў, былі кашулі. Таму і вышыванкі, і вышымайкі ― гэта не наша,” ― распавядае Еўрарадыё Антон Талашка, які вельмі крыўдуе, калі створаную ім вопратку называюць вышымайкамі.
Маладога чалавека заспяваем у яго майстэрні ў горадзе Маларыта, што на Брэстчыне. Выпускнік энергетычнага факультэта Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта на летнія вакацыі вярнуўся ў родны горад, дзе працягвае займацца сваім новым хобі. Паўгода хлопец стварае ўнікальную вопратку. На гатовай майцы ён вышывае народныя арнаменты.
“Проста цяпер усе робяць прынты, а вось на майках ніхто не вышываў, ― тлумачыць Антон. ― Вось так і ўзнікла гэтая ідэя. Гэта аб’яднанне нечага старажытнага з сучасным”.
За паўгода Талашка зрабіў каля 60 футболак: па дзесяць за месяц. Працэс стварэння кашулі з арнаментам пачынаецца з камп'ютара. У адмысловай праграме Антон “набірае” новы малюнак ці выбірае ўжо гатовы макет. Лічбавы арнамент ён праз “флэшку” пераносіць у швейную машынку і вышывае яго крыжыкам. Гучыць вельмі проста, але на самой справе займае гэта ўсё каля трох гадзін.
Цяпер хлопцу дапамагае маці, якая і натхніла яго на незвычайны занятак. Антон кажа, што сямейны тандэм не пераследуе камерцыйных мэтаў.
“Брэнд ― гэта вельмі гучнае выказванне. Мы гэта робім, каб азнаёміць людзей з тым, што засталося нам ад продкаў. Арнаменты бяруцца з навукова-даследчай літаратуры, а таксама з дамоў народнай творчасці”.
Антон Талашка распавядае, што замоваў цяпер дастаткова ― водгукі вельмі добрыя. Цяпер ён сканцэнтраваўся на вырабе вопраткі з мясцовымі арнаментамі Маларыцкага раёна. Але прызнаецца, што ёсць і вельмі спецыфічныя замовы. У траўні ён зрабіў футболкі для ўдзельнікаў гурта N.R.M. Арнамент быў створаны на аснове выявы чарапахі з культавага альбома музыкаў ― “Тры чарапахі”. Па словах майстра, Піт Паўлаў, цяперашні лідар гурта, убачыў яго працы ў сацыяльных сетках і сам звярнуўся з замовай.
У бліжэйшых планах Талашкі паспрабаваць стварыць світшоты з арнаментам, а таксама льняныя паўсядзённыя кашулі ў больш мадэрновым стылі.
Фота з чарапахай з асабістага архіву Антона Талашкі.