Жыхар расійскага Гукава: Так, “Грады” стралялі ад нас у бок Украіны

16 ліпеня на Youtube з’явілася кароткае відэа. На ім устаноўкі рэактыўнага залпавага агню “Град” нібыта страляюць па Украіне. З тэрыторыі Расіі, сцвярджае аўтар роліка:

“Вось так вось весела ў горадзе Гукаве, хлопцы! …ячыць “Град”!

Ад невялікага гарадка Гукава да ўкраінскай мяжы ўсяго 5 кіламетраў. Да Растова — 120. Жыве тут крыху больш за 65 тысяч чалавек. Гукаўчанін Мікіта расказвае Еўрарадыё, што сам абстрэлу “Градамі” Украіны не бачыў, а толькі чуў, што нешта страляе. Але не здзівіўся — да гукаў стрэлаў і выбухаў з боку мяжы тут усе прывыклі. Мікіта гаворыць, што цяпер у мясцовым шпіталі лечацца нейкія “ўкраінскія баевікі”.

“Я ведаю, што ў нас у шпіталі ляжаць нейкія ўкраінскія баевікі. Там стаіць ачапленне і іх ахоўвае. Гэта я ведаю, так… А наконт вайны ва Украіне ў нас на самай справе ніхто не перажывае, усе спакойна жывуць. Хаця, вядома, страшна, што там вайна. Гэта ж побач зусім”.

Гукава знаходзіцца ля таго ўчастку ўкраінска-расійскай мяжы, які ад самага пачатку баявых дзеянняў кантралююць сепаратысты. Паводле версіі афіцыйнага Кіева, менавіта тут размешчаны адзін з асноўных каналаў падпіткі баевікоў зброяй і боепрыпасамі. Яшчэ адзін гукаўчанін, Аляксей, расказвае, што бачыў абстрэл расійскімі “Градамі” на ўласныя вочы. На яго думку, расійскія вайскоўцы насамрэч стралялі ў бок Украіны. Нібыта хацелі спыніць невядомых парушальнікаў мяжы. Хлопец гаворыць, што частка з іх выжыла і цяпер знаходзяцца пад вартай у мясцовым шпіталі.

“Я проста ўсё гэта сваімі вачыма бачыў. Нехта спрабаваў перайсці мяжу, вось па іх і “ўпаролі”. Вялікая група людзей мяжу пераходзіла. У выніку 15 чалавек выжылі, цяпер яны ў нашым шпіталі, іх дапытваюць. Хто яны, што яны — я не ведаю”.

Аляксей гаворыць, што ў горадзе добра чуваць тое, што цяпер адбываецца ва Украіне. Да вайны ў суседняй дзяржаве ставіцца дрэнна. Расіянін расказвае, што раней любіў ездзіць ва Украіну, было шмат сяброў, у тым ліку і ў Кіеве. Цяпер усё памяняліся.

“Расфрэндзілі мяне “Укантакце”, пішуць усякае. А я тут прычым?” — скардзіцца ён. Аляксей гаворыць, што часам у Гукава таксама залятаюць снарады, хоць і не наносяць вялікіх пашкоджанняў.

“Ды дрэнна я стаўлюся да падзей гэтых… У нас жа гэта ўсё чуваць добра — пяць кіламетраў, і ўжо вайна там. І кожную ноч страляюць, вокны дрыжаць. І снарады залятаюць сюды. Я нават “Укантакце” выкладваў фотку. У брамку снарад трапіў. Асаблівых разбурэнняў не нанёс”.

Гукаўчанін Ігар гаворыць, што ў горадзе цяпер шмат расійскіх вайскоўцаў. Значна больш, чым было раней. Жыццё пасля пачатку вайны не асабліва змянілася. Ігар таксама ведае пра снарады, што прылятаюць з Украіны.

“У горадзе, менавіта ў горадзе, нармальна жывём. А вось у вёсках, якія вакол горада, — там так, страшна жыць. Снарады прылятаюць, у дамы трапляюць, у гароды… Вайскоўцаў цяпер шмат у нас. На мяжы асабліва. Яны яе ахоўваюць”.

Ад каго ахоўваюць мяжу расійскія вайскоўцы, гукаўчанін не ведае. Гаворыць Ігар і пра ўцекачоў з Украіны. Расказвае, што цяпер частка з іх вяртаецца назад.

Тым часам на Youtube ролікаў з расійскімі “Градамі” з Гукава ўсё больш.

“Вось, Сярога, вернешся ў свой Нарыльск і ўсім раскажаш, што ў нас бачыў”, — радасна каментуюць убачанае аўтары відэа. Чаму расійскія ваенныя абстрэльваюць тэрыторыю суседняй Украіны, не цікавіць ужо, падаецца, нікога з відавочцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі