Жыхарам мінскай Серабранкі далі цяпло і гарачую ваду
Цеплазабеспячэнне ў раёне пашкоджанага ўчастка цепласетак у Мінску адноўленае 17 студзеня ў 1.30 ночы, паведамляе БЕЛТА.
Як распавядала Еўрарадыё, аварыя трубаправода на цепласетках адбылася ўдзень 16 студзеня. Без ацяплення і гарачай вады засталіся некалькі жылых дамоў у мінскім мікрараёне Серабранка — адзін жылы дом па вуліцы Ракасоўскага, 40, тры жылыя дамы (1, 3, 5) на 2-і Веласіпедным завулку, а таксама 14 адміністрацыйных будынкаў, арганізацый прамысловай зоны. Між тым на вуліцы стаіць марознае надвор'е.
На ліквідацыі непаладак дзейнічала тэхніка і персанал філіяла "Мінскія цеплавыя сеткі". Аднавіць падачу цяпла ў жылыя дамы меркавалася да паўночы, аднак укласціся ў гэты тэрмін не ўдалося.