Жыхарка Брэста: Вада ну проста смярдзіць фекаліямі (відэа)
Другі дзень жыхары некалькіх раёнаў Брэста не могуць карыстацца вадой.
Увечары 1 верасня ў Брэсце на чыгуначнай галіне водаправода адбылася аварыя. Жыхары вуліцы Скрыпнікава і мікрараёна Граеўка звярнулі ўвагу на жудасны пах вады.
“У нас у паліклініцы ніякіх пахаў не адчуваецца. А вось у гарадской бальніцы кажуць, што пах вельмі непрыемны, — распавядае медсястра Брэсцкай гарадской дзіцячай паліклінікі № 1 Людміла Савіцкая. — Я жыву ў раёне Граеўкі, і ранкам адчула непрыемны пах. Ну проста фекаліямі смярдзела. Але я думала, што гэты пах нясе праз вакно з ачышчальных. Вада была без прымесяў. Не ведаю, што там цяпер дома”.
Акрамя Брэсцкай гарадской бальніцы № 1, піць і спажываць ваду для гаспадарчых мэтаў забаранілі яшчэ ў трох установах дашкольнай адукацыі і санаторыі-прафілакторыі Брэсцкага аддзялення беларускай чыгункі.
Як стала вядома Еўрарадыё, у сістэме водазабору адбылася аварыя. У Баранавіцкай дыстанцыі водазабеспячэння і санітарна-тэхнічных прылад (Брэсцкі ўчастак) кажуць, што водаправод працуе ў штатным рэжыме, быццам бы вада смярдзіць з-за нейкай знешняй прычыны. Прычына пакуль не вядомая.
Як паведамілі жыхарам, праводзіцца прамыванне і прачыстка водасістэмы, але з кранаў па-ранейшаму льецца вада жудаснай якасці. У навакольных крамах брастаўчане скупаюць пітную ваду.
"Пачалі паступаць званкі ад жыхароў некаторых раёнаў аб тым, што ў вадзе адчуваецца непрыемны пах. Пах каналізацыі. Мы арганізавалі падвоз вады жыхарам гэтых раёнаў", — распавядае Еўрарадыё намеснік начальніка Брэсцкага аддзялення МНС Алег Лашко.
У зону аварыі трапляе і прадпрыемства "Савушкін прадукт", туды таксама накіраваныя аўтамабілі ратавальнікаў. “Мы ім прадэзінфекавалі цыстэрны, і рэжым прадпрыемства не моцна пабурыўся”, — дадае намеснік начальніка Брэсцкага аддзялення МНС.