Жыхару Гродна, які заступіўся за "азотаўца", прызначылі больш жорсткі прысуд
Мікіта Самарын у судзе / Алена Кавальчук, hrodna.life
Мікіту Самарыну з Гродна прызначылі больш жорсткі прысуд. Першапачаткова яго асудзілі на чатыры гады "хіміі", аднак пракуратура палічыла прысуд занадта мяккім. Справу разгледзелі яшчэ раз, і 25 сакавіка суд прызначыў новае пакаранне — два з паловай гады пазбаўлення волі, паведамляе hrodna.life. Акрамя таго, павялічаная сума кампенсацыі пацярпеламу амапаўцу — з 500 да 2000 рублёў.
Самарына судзілі за тое, што ён распыліў газ у твар амапаўцу. Па словах самога Самарына, гэта была самаабарона. У той дзень, 25 жніўня, у Гродне сабраліся людзі, каб падтрымаць затрыманых работнікаў "Гродна Азот". Зноў пачаліся затрыманні.
Самарын бачыў, як затрымлівалі аднаго з "азотаўцаў" — паводле яго слоў, гэта выглядала як групавое збіццё, і ён вырашыў абараніць чалавека. Калі міліцыянты ў цывільным рушылі ў яго бок, ён успрыняў гэта як пагрозу і распыліў балончык.
Самарына затрымалі ў кастрычніку. Проста ў аўтобусе яму абрэзалі нажом доўгія валасы. Паказанні, па яго словах, бралі пад ціскам. Пры гэтым, паводле яго слоў, пацярпелы супрацоўнік АМАП пры першасным звароце да медыкаў у жніўні сказаў, што сам распыліў сабе газ у вочы. Самарын кажа, што гэта ёсць у матэрыялах справы. Заяву аб атрыманні цялесных пашкоджанняў амапавец падаў пазней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.