Жыхары Барысаўскага раёна некалькі гадоў пілі ваду з нітратамі

Жыхары Барысаўскага раёна некалькі гадоў пілі ваду з нітратамі

Пракуратура Барысаўскага раёна пачала крымінальную справу на ўжо былога дырэктара "Барысаўводаканала". Яго вінавацяць у падмане спажыўцоў, піша газета "СБ. Беларусь сегодня"

Як выявілася жыхары некаторых сельсаветаў некалькі гадоў пілі няякасную ваду. З кранаў і калонак у іх цякла вада з павышаным утрыманнем нітратаў, узятая з артэзіянскіх свідравін. 

Па словах старшага памочніка пракурора Барысаўскага раёна Наталлі Ленартовіч, матэрыялы справы датычаць перыяду з верасня 2013 года па люты 2017-га. Па словах праваахоўнікаў, былы кіраўнік прадпрыемства не паведаміў у належныя інстанцыі пра нізкую якасць вады ў артэзіянскіх свідравінах. Пры гэтым спажыўцы працягвалі плаціць за нібыта якасную ваду. Прычыненая шкода склала больш за 18 тысяч рублёў. Праверка выявіла нітраты ў 18 свідравінах са 150. 

Праваахоўнікі заяўляюць, што дырэктар мясцовага водаканала ведаў аб праблеме, бо арганізацыя сама рэгулярна правярала ваду. Але ён нібыта нікому нічога не сказаў. 

Цяперашні дырэктар водаканала Лявонцій Шапавал кажа, што "нітратныя свідравіны" ствараліся для водазабеспячэння фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў. Пры перадачы свідравінаў водаканалу нават не далі правесці належнай дыягностыкі, хаця першапачаткова ў пашпартах шэрагу свідравін гаварылася пра перавышэнне нітратаў. Па словах дырэктара, водаканал з 2013 года не раз паведамляў аб праблеме з нітратамі і выканкаму, і цэнтру гігіены. Аднак ніякай рэакцыі не дачакаўся. 

Адзіным разумным рашэннем Шапавал называе зачыніць праблемныя свідравіны, бо свідраваць новыя танней, чым чысціць наяўныя. "Ці магу я зараз закрыць іх сам? Гэта ўсё роўна што падпісаць сабе прысуд: заўтра будзеш звольнены. У гэтай сітуацыі атрымалася так, што замест дапамогі, па якую мы звяртаемся ўжо не першы год, партнёры чамусьці хаваюць галовы ў пясок і шукаюць крайніх. Так мы і засталіся з праблемай адзін на адзін. І паверце, гэтая бяда не толькі нашага раёна", — канстатуе спецыяліст.

Цяпер дзве вёскі раёна — Малое Стахава і Брусы — атрымліваюць ваду ад гарадскіх водаправодных сетак за сродкі водаканала. Па астатніх населеных пунктах яе развозяць машынамі паводле графіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі