Жыхары Лунінца скардзяцца на дэфіцыт хлеба
Хлеб
Жыхары Лунінца наракаюць на дэфіцыт хлеба: увечары ў крамах немагчыма купіць звычайную "цаглінку", піша "Лунінец Online". Лепш сітуацыя выглядае ў райпоўскіх крамах, бо там пякуць свой хлеб і прывозяць у крамы двойчы на дзень.
Прадавачка адно з крам патлумачыла журналістам, што крамы сталі менш заказваць хлеба, бо хлебазавод перастаў забіраць чэрствы.
Па словах дырэктара хлебазавода Паўла Вабішчэвіча, забіраць з гандлю чэрствы хлеб забаранілі "на рэспубліканскім узроўні". Раней санітарныя нормы дазвалялі пускаць яго на перапрацоўку, а цяпер рабіць гэта нельга. Забіраючы чэрствы хлеб і адпраўляючы яго на ўтылізацыю, хлебазавод панясе страты.
"Мы выконваем заяўкі ў тых абʼёмах, якія даюць гандлёвыя пункты. У нашых фірмовых крамах праблем з хлебам няма", — рапартуе дырэктар хлебазавода.
Не выключана, што такая праблема назіраецца і ў іншых гарадах. Напрыклад, падобныя скаргі былі ад жыхароў Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.