Злівы пра новы айфон і смерць, запланаваная на травень — #ІхНоравы

Свет абмяркоўвае эўтаназію, новы айфон і сонечнае зацьменне.

Свет абмяркоўвае эўтаназію, новы айфон і сонечнае зацьменне. / @rubanau_collage

У эпоху сацсетак лёгка адсачыць, што сапраўды хвалюе свет. Маральныя праблемы эўтаназіі; цынізм медыцыны; хатні гвалт; ўсёдазволенасць чыноўнікаў… Ну і тое, што Амерыку паглыне цемра. Няхай на некалькі хвілін і гэта будзе захапляльнае прыроднае відовішча, але як не пажартаваць пра канец свету ў самай магутнай дзяржаве планеты? Галоўнае, каб гэта былі толькі жарты, бо фанаты Apple ужо чакаюць новы 16-ты айфон.

Пра ўсё гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

28-гадовая дзяўчына запланавала смерць на травень

Ужо некалькі дзён сацсеткі абмяркоўваюць жыццёвую трагедыю маладой жыхаркі Нідэрландаў. Яна дала інтэрв’ю, ад якога стынуць жылы: дзяўчына прызнаецца, што пакінула заяўку на эўтаназію — і яе зацвердзілі. Смерць у выніку ўколу, які спыніць сэрца, запланаваная на пачатак траўня.

28-гадовая Зарайя тэр Бік шмат гадоў змагаецца з ментальнымі праблемамі. У яе дыягнаставаныя дэпрэсія, разлад аўтыстычнага спектра і пагранічны разлад асобы. Праз гэта ўсё яна не змагла скончыць вучобу, хаця марыла стаць лекарам-псіхіятрам.

Падставай для такога складанага лёсавызначальнага рашэння стала заключэнне дактароў. “Мы больш нічога не можам для вас зрабіць. Вам ніколі не стане лепш”, — пачула Зарайя ад тэрапеўтаў.

Дзяўчына кажа, што стамілася так жыць. Запыт на эўтаназію — яна ў Нідэрландах дазволеная — зацвердзіла камісія. І вось, карыстальнікі сацсетак абмяркоўваюць: няўжо насамрэч нельга нічым дапамагчы? Так шмат людзей ў свеце вучыцца жыць са складанымі псіхіятрычнымі разладамі…

Хтосьці крытыкуе цынізм медычнай сістэмы ў краінах Заходняй Еўропы, сумна жартуючы, што там на ўсе хваробы адзін лек — парацэтамол. А далей адразу эўтаназія.

Злівы пра новы айфон і смерць, запланаваная на травень — #ІхНоравы
Зарайя дамовілася са сваім каханым, што ён развее яе попел / фота з асабістай старонкі дзяўчыны

Іншыя задаюцца пытаннем: ці маюць права дактары, пакліканне якіх — ратаваць чалавечае здароўе і жыццё, сказаць, што сітуацыя безвыходная? Прыводзяць прыклады пацыентаў, цяжка хворых на рак, для якіх усё ж шукаюць паратунак і варыянты лекавання. Нават калі выглядае, што надзеі няма.

"Я крыху баюся паміраць, таму што гэта нешта невядомае. Мы не ведаем, што за гэтым будзе, і ці будзе што-небудзь? Гэта самае страшнае", — разважае дзяўчына.

Цемра паглыне ЗША і Канаду

Такое бывае раз на сем год. Над паўднёвай часткай Ціхага акіяна і Паўночнай Амерыкай, а таксама часткай Мексікі 8 красавіка Месяц поўнасцю закрые Сонца.

Гэта зойме толькі тры с паловай хвіліны. Перад тым можна будзе назіраць частковы цень, калі месяц паволі напаўзае на сонца і быццам бы адкусвае ад яго кавалак. Гэтая фаза, канешне, меней захапляльная, чым поўнае зацьменне, калі сонечнае святло ўвогуле знікае. Затое яна доўжыцца ад 70 да 80 хвілінаў.

Жыхары той часткі свету рыхтуюцца да цуду прыроды, і нават пазначаюць падзею ў календарах, арыентуючыся на абноўленыя звесткі NASA. Для тых, хто ўсё прапусціць, і для ўсяго астатняга свету буйныя тэлеканалы кшталту СNN будуць весці жывы эфір. 

Злівы пра новы айфон і смерць, запланаваная на травень — #ІхНоравы
Поўнае сонечнае зацьменне здарыцца наступным разам праз 7 гадоў / Heinz-Peter Bader/Reuters

Далучыцца да назірання за зацьменнем можна будзе і анлайн. Плюс у тым, што не спатрэбяцца дадатковыя прылады і фільтры для абароны вачэй.

Калі для людзей зацьменне — гэта проста бясплатнае нябёснае шоў, дык для навукоўцаў — унікальная магчымасць паспець за няпоўныя чатыры хвіліны правесці навуковыя эксперыменты. Даследчыкі плануюць назіраць за паводзінамі жывёлаў, пасылаць радыёсігналы па ўсім свеце і нават запускаць ракеты па траекторыі руху цені.

Экс-міністра эканомікі Казахстана могуць пасадзіць пажыццёва

У Астане суд разглядае справу 43-гадовага экс-міністра эканомікі Куандыка Бішымбаева. Згодна з абвінавачаннем, ён з асаблівай жорсткасцю забіў сваю 31-гадовую жонку Салтанат Нукенаву.

Бішымбаеў моцна збіў жанчыну ў VIP-кабінцы рэстарана. І пакінуў паміраць — Нукенава пакутавала яшчэ не менш за 6 гадзінаў.

Мужчына катэгарычна адмаўляе віну. У судзе ён кажа, што жанчына ў той дзень выпівала і “справакавала яго сваёй агрэсіяй”. Пасля “сама ўпала”. А калі Бішымбаеў пабачыў непрытомную жонку — патэлефанаваў не ў хуткую дапамогу, а знаёмай варажбітцы.

Справа выклікала сур’ёзны рэзананс не толькі ў Казахстане, але ў іншых краінах на постсавецкай прасторы. Тысячы людзей сочаць за судом анлайн. Сацсеткі патрабуюць для Бішымбаева пажыццёвага пакарання і бясконца спрачаюцца наконт неабароненасці жанчын і праблем сямейнага гвалту — асабліва, у краінах Цэнтральнай Азіі.

iPhone 16 будзе непрыгожым?

Карыстальнікам айфонаў ужо не церпіцца пабачыць iPhone 16. У сетцы з'явіліся рэндэры дызайну новага смартфона.

Ён будзе крыху падобны на iPhone 11, дзе блок камер размешчаны вертыкальна, а не па дыяганалі. Гэта зрабілі для таго, каб было зручней запісваць аб'ёмныя відэа для гарнітуры змешанай рэальнасці Apple Vision Pro.

Наконт таго, ці ўдасканаліць айфон камеры ў базавых мадэлях, пакуль нічога невядома. Падобна, што не: яшчэ не састарэў 48-мегапіксельны модуль з папярэдняй мадэлі 2023-га года. А вось у pro-версіі будзе звышшырокавугольны сэнсар.

Злівы пра новы айфон і смерць, запланаваная на травень — #ІхНоравы
Рэндэры шаснаццатага айфона злілі ў інтэрнет

На форумах з'явіліся інсайдэрскія звесткі ад людзей, быццам бы звязаных з вытворчасцю смартфонаў у Кітаі. Яны кажуць, што 16-ы айфон будзе "непрыгожым". Асабліва iPhone 16 Pro Max — па памерах ён будзе як міні-планшэт. Затое ў такі тэлефон памесціцца больш ёмістая батарэя!

Чакаецца, што серыя iPhone 16 будзе прэзентаваная ў верасні 2024-га. Тады ж выйдзе iOS 18. Кажуць, гэта будзе самы значны апдэйт у гісторыі айфонаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі