Злотнікаў: Павышаючы ПДВ, дзяржава абмяжоўвае рынак
Такое меркаванне эканаміст выказаў у каментары Еўрарадыё.
Нагадаем, што з 2014 года падатак на даданую вартасць палануецца павысіць — замест цяперашніх 20% зрабіць 22%. Такія змены плануецца ўнесці ў Падатковы кодэкс.
Леанід Злотнікаў кажа, што павышэнне падатку, безумоўна, закліканае напоўніць бюджэт. Іншая справа — куды потым пойдуць бюджэтныя грошы.
Злотнікаў: "Трэба праводзіць такія рынкавыя рэформы, што аплату камунальных паслуг павінна больш поўна праводзіць насельніцтва. Калі інвестыцыі, то хутчэй прыватныя, чым дзяржаўныя. Але гэта ва ўмовах рынкавай эканомікі! І калі б у нас ішла такая мадэрнізацыя грамадства і мадэрнізацыя эканомікі, тады б не трэба было павялічваць паступленні ў бюджэт. А гэта кажа, што дзяржава спрабуе самастойна вырашаць тыя праблемы, якія трэба было б перадаць рынку, не павышаючы ўзровень падаткаабкладання".
Эканаміст прызнае, што яго рынкавыя прапановы насельніцтва не ўхваліць. Але, адзначае эканаміст, дзяржава на тыя ж камунальныя паслугі выдаткоўвае болей грошай, чым заплаціў бы грамадзянін прыватнай фірме. І выдаткоўвае іх менш эфектыўна.
Фота — belsat.eu