Зміцер Безкаравайны і Akute разышліся
Былы прамоўтар і мэнэджар лічыць, што для гурта надышоў час самастойных крокаў.
Музычны журналіст і піяршчык Зміцер Безкаравайны пакінуў пасаду мэнэджара гурта Akute.
"Перыяд першаснага развіцця гурта завершаны. Гэта ўжо не малады пачынаючы калектыў, а паспяховы, папулярны праект, удзельнікі якога жадаюць прымаць свае цалкам самастойныя рашэнні, — тлумачыць Безкаравайны свой крок Еўрарадыё. — І я паважаю іх права на гэта. Але паступова мая роля ў гурце ў перспектыве станавілася больш адміністратыўна-тэхнічнай. А мне гэта не так цікава".
Супрацоўніцтва Безкаравайнага і Akute пачалося 2 гады таму. Спачатку стасункі мелі больш сяброўскі характар, а потым перараслі ў сур'ёзную працу. Пры ўдзеле Безкаравайнага Akute выдалі "Krou EP", другі альбом "Не існуе" і далі шэраг паспяховых канцэртаў у Беларусі і за мяжой.
"Самае галоўнае, што ў Беларусі сапраўды з'явіўся папулярны малады беларускамоўны гурт, — рэзюмуе Зміцер. — Гэта вельмі прыемна. І гэта сапраўды вялікая з'ява".
Зміцер Безкаравайны працаваў з гуртамі J:Морс, "Крамбамбуля", Лявонам Вольскім. З'яўляецца прэс-аташэ "Ляпіса Трубяцкога" у Беларусі.
Нагадаем, 16 лістапада Akute прадставяць у мінскім клубе Re:Public новую праграму, над якой цяпер актыўна працуюць.