Зразумець і дараваць: стратным с/г вытворчасцям спісваюць мільённыя даўгі

Саўмін усё даруе / УКантакце
Саўмін усё даруе / УКантакце

19 лютага Савет Міністраў прыняў пастанову аб пагашэнні запазычанасцяў па крэдытных дамовах шэрагу сельгаспрадпрыемстваў. Гэтым разам даўгі збіраюцца дараваць вытворчасцям Віцебскай вобласці: ЗАТ "ААБ-Агра Наватар" развітаецца з запазычанасцю 14 912 657,94 рублёў, "Эксперыментальная база "Тулава" пазбавіцца ад доўгу ў 106 788,11 рублёў. ААТ "Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў" не выплаціць 2 449 927,69, а сельгаспрадпрыемствы "Ліпаўцы" і "Лаўжанскае" — 17 404,47 і 370 910,07 рублёў адпаведна. У гэтую суму ўваходзяць натарыяльныя запазычанасці прадпрыемстваў, асноўны доўг і пеня. Увогуле будуць дараваныя даўгі на 17 з лішнім мільёнаў рублёў.

Дырэктары мяняюцца, а прадпрыемствы ўсё роўна стратныя

Адкуль такія сумы запазычанасцяў? Тлумачыцца гэта тым, што даўгі некаторых гаспадарак цягнуцца яшчэ з пачатку 2010-х. Крэдыты бяруцца, але не выплачваюцца. Відавочна, што выплаціць іх перашкаджае стратнасць.

— Нягледзячы на цяжкасці, "ААБ-Агра Наватар" сёння можна смела аднесці да самадастатковых гаспадарак. Тут і землі добрыя, з часам пагалоўе прывядзём у парадак, каб дамагчыся добрай прадукцыйнасці,каментаваў "Витебским Вестям" у верасні 2020-га новы дырэктар "Наватара" Андрэй Піскуноў. У матэрыяле "Витебских Вестей" гаворыцца, што "ў цяперашні час ЗАТ "ААБ-Агра Наватар" у ліку лідараў". Аднак, нягледзячы на лідарства ў намалотах, першае месца "Наватар" займае і па запазычанасцях.

Понять и простить: убыточным с/х производствам списывают миллионные долги
Андрэй Піскуноў / beshankovichy.by

"Відавочна іншае: стратная гаспадарка яшчэ не падстава ператварацца ва ўтрыманца. Працаваць і зарабляць можна, калі правільна расставіць акцэнты", — бадзёра піша SB.by у 2018 годзе пра праблемны Шумілінскі раён, у якім знаходзіцца "Лаўжанскае", якое завінавацілася 370 000 рублёў. У раёне нават "распрацавалі сістэму, згодна з якой кіраўнікі сельгасарганізацый могуць зарабіць да 2,4 тысячы рублёў". Але, як відаць, ні змена дырэктараў, ні распрацоўка новых сістэм не спрацавала. У 2021 годзе вырашана больш не расстаўляць ніякіх акцэнтаў, а проста махнуць шашкай і абнуліцца.

— У новапрызначаных дырэктараў няма ніякай матывацыі быць эфектыўнымі. Навошта быць эфектыўнымі, калі вашы даўгі потым могуць спісаць? — тлумачыць акадэмічны дырэктар BEROC эканамістка Кацярына Барнукова. — Дырэктара заахвочваюць за выкананне нейкіх іншых паказчыкаў, а не за эфектыўнасць. Заахвочваюць за якія-небудзь надоі, за колькасць узараных зямель. Усё гэта не мае ніякага дачынення да рэнтабельнасці сельгаспрадпрыемства. У выніку дырэктар ведае, калі раптам што — заўсёды можна ўзяць грошай у крэдыт, і калі зусім дрэнна, то іх спішуць. У такой структуры абсалютна нерэальна спадзявацца на тое, што калі кіраваць гэтым калгасам паставяць супергеніяльнага менеджара, то ён будзе дамагацца нейкіх іншых вынікаў. Таму што ўся сістэма яго штурхае і матывуе зусім на іншае.

Стратныя ўжо даўно

Пра недахопы ў рабоце сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Саўмін ведаў даўно. Так, у 2014 годзе даўжнікі з базы "Тулава" і гаспадаркі "Ліпаўцы" ўжо значыліся ў якасці стратных. Прайшло шэсць гадоў, але замест выніку ад прынятых антыкрызісных мер — велікадушнае дараванне ад Савета Міністраў.

Понять и простить: убыточным с/х производствам списывают миллионные долги
У "Тулаве" ўсё ідзе па плане / УКантакце

У 2016 годзе "Витебский Курьер" пісаў пра тое, што ў агракомплексе "Тулава" людзі па некалькі месяцаў сядзяць без заробку. А як з заробкамі цяпер?

— Па-рознаму заробкі. Можна 700, 800, 1000 атрымаць. Тых, хто хоча працаваць, — замала там ужо такіх, — расказвае трактарыст з віцебскага прадпрыемства "Гардармост". — Там і людзей не стае, і тэхнікі не стае. Нас з Віцебска камандзіруюць не толькі ў Тулава, мы і ў Кіраўску бывалі, і ў Лёзне. Па многіх калгасах адпраўляюць у дапамогу па ўборцы. З году ў год такая сітуацыя.

У 2019 годзе туды [ў Тулава. — Еўрарадыё] прыйшло тры вялікія трактары. А наогул у Тулаве з паркам усё сумна. Ні агрэгатаў толкам няма ніякіх, нічога такога няма. Быццам бы працуеш, быццам бы і збожжа вырошчваецца, але чаму на страту ідзе — я не ведаю, — здзіўляецца трактарыст.

За стратныя прадпрыемствы заплацяць падаткаплацельшчыкі

Понять и простить: убыточным с/х производствам списывают миллионные долги
Кацярына Барнукова / TUT.by

Як такое дараванне даўгоў адбіваецца на бюджэце краіны?

— Хутчэй за ўсё, потым Беларусбанк скажа: "Ну вы ведаеце, мы тут даравалі вам даўгі, нам цяпер таксама патрэбна дапамога", — адказвае Кацярына Барнукова. — Бюджэт нейкім чынам павінен гэта пакрыць. Усё гэта выліваецца ў бюджэтныя расходы. Гэта толькі здаецца, што доўг можна проста спісаць, — у выніку доўг усё роўна хтосьці бярэ на сябе. Гэта значыць і тое, што за неэфектыўнасць гэтых прадпрыемстваў мы плацім са сваёй кішэні як падаткаплацельшчыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі