ЗША адмянілі сустрэчу Блінкена і Лаўрова на гэтым тыдні
Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў павінны былі падрыхтаваць перамовы прэзідэнтаў ЗША і Расіі / Reuters
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адмовіўся ад ідэі вочнай сустрэчы з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым. Перамовы павінны былі адбыцца 24 лютага ў Еўропе.
"У дадзены час не мае сэнсу праводзіць гэтую сустрэчу. Я пракансультаваўся з саюзнікамі і партнёрамі. Усе пагадзіліся. І сёння [22 лютага] я накіраваў ліст міністру замежных спраў [Расіі] Сяргею Лаўрову, інфармуючы яго пра гэта", — цытуе Блінкена агенцтва ТАСС. Гэтую заяву кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША зрабіў на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне з кіраўніком МЗС Украіны Дзмітрыем Кулебай.
Блінкен таксама заявіў, што ЗША гатовыя да далейшага дыпламатычнага ўзаемадзеяння з РФ, але і Масква павінна прадэманстраваць гатоўнасць, а "ў апошнія 24 гадзіны яна дэманстравала адваротнае". Са слоў кіраўніка амерыканскага Дзярждэпартамента, Расія сваімі дзеяннямі спрабуе падпарадкаваць Украіну ці аднавіць сферу свайго ўплыву, а не прадухіліць пашырэнне NATO.
Адмена сустрэчы Блінкена і Лаўрова азначае, што анансаваныя раней перамовы прэзідэнтаў ЗША і Расіі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна таксама, хутчэй за ўсё, не адбудуцца. На сустрэчы прэзідэнтаў планавалася абмеркаваць пытанні бяспекі і сітуацыю ў еўрапейскім рэгіёне. А Блінкен і Лаўроў павінны былі падрыхтаваць гэтыя перамовы.
У панядзелак Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнанні "Л/ДНР". У ЗША гэта расцанілі як атаку на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.