Санкцыі і межы — што вядома на гэты момант пра прызнанне ДНР і ЛНР

Указы Уладзіміра Пуціна аб прызнанні ДНР і КНР мусіць ратыфікаваць Дзярждума Расіі​ / РИА Новости
Указы Уладзіміра Пуціна аб прызнанні ДНР і КНР мусіць ратыфікаваць Дзярждума Расіі​ / РИА Новости

Раніца аўторка пачалася з чарговай гучнай навіны з Расіі: кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Калашнікаў выказаў меркаванне, што незалежнасць ДНР і ЛНР будзе распаўсюджвацца на ўсе тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей — у тым ліку і тыя, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны. 

Пазней яго калега Святлана Журава ў размове з РБК зняпраўдзіла гэтае меркаванне. Незалежнасць Данецкай і Луганскай народных рэспублік будзе прызнаная "ў тых межах, што цяпер, вядома. Ніхто не збіраецца ісці далей. Мы ў дакументах ніякіх іншых межаў не вызначалі", сказала Журава.

Дзярждума ў аўторак павінна ўхваліць указы Уладзіміра Пуціна аб прызнанні ДНР і ЛНР. Гэтыя дакументы расійскі прэзідэнт падпісаў напярэдадні. Яны прадугледжваюць сярод іншага ўвод расійскіх войскаў на тэрыторыі ДНР і ЛНР, якія дэ-юрэ з'яўляюцца ўкраінскімі.

У панядзелак Пуцін таксама падпісаў з кіраўнікамі адміністрацый гэтых непрызнаных у свеце тэрыторый Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе.

Перад тым, як падпісаць гэтыя паперы, ён выступіў з доўгай прамовай, у якой паспрабаваў матываваць рашэнне Расіі парушыць суверэнітэт Украіны. Сярод аргументаў былі: выхад Кіева, на думку Масквы, з Нармандскіх пагадненняў, жаданне Украіны зрабіцца часткай НАТА і нават магчымасць атрымаць ядзерную зброю, якая нібыта ёсць у Кіева. У ЗША апошняе сцвярджэнне ўжо назвалі няпраўдай.

Першыя санкцыі і першыя наступствы

Пра першыя санкцыі стала вядома ўжо ноччу.  Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, якім забараніў інвестыцыі ў ДНР і ЛНР, а таксама гандаль з гэтымі рэгіёнамі. Пад санкцыі трапяць і ўсе асобы, якія вырашаць супрацоўнічаць з гэтымі тэрыторыямі. Пры гэтым у Белым доме падкрэслілі, што асноўныя санкцыі наперадзе.

Санкции и границы  — что известно к этому моменту о признании ДНР и ЛНР
Пуцін напярэдадні падпісаў указы аб прызнанні ДНР і ЛНР / kremlin.ru

Асноўны пакет санкцый ЗША будзе прымаць сумесна з ЕЗ. Яго рыхтавалі на выпадак ўварвання Расіі ва Украіну.

Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс ужо заявіў, што першы пакет еўрапейскіх абмежаванняў для РФ можа быць гатовы ўжо на гэтым тыдні. Ва ўсякім выпадку, ён на гэта спадзяецца.

На фоне навін пра санкцыі ў Расіі (а следам — і ў Беларусі) пачалі слабець нацыянальныя валюты. Расійскі рубель упершыню з красавіка мінулага года прабіў планку ў 91 рубель за еўра. Ён падаражэў да 91,25 рубля. Долар дадаў 97 капеек — да 80,75 рубля.

Банк Расіі, каб неяк мінімізаваць наступствы, дазволіў фінансавым арганізацыям да 1 кастрычніка адлюстроўваць у справаздачнасці акцыі і аблігацыі па рынкавай цане на 18 лютага. Пра гэта паведамляе "Новая газета".

Асуджэнне і адрынанне

Свет у цэлым не прыняў ідэі Пуціна. Напярэдадні адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН. Пастаянны прадстаўнік Германіі пры арганізацыі Анцье Лендэртсе заявіла, што нямецкія ўлады заклікаюць Маскву адмовіцца ад свайго рашэння — прызнаць ЛНР і ДНР.  Сталы прадстаўнік Францыі Нікаля дэ Рыўер назваў дзеянні Масквы парушэннем Статута ААН.

Сталы прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што Расія сваім прызнаннем ЛНР і ДНР здзейсніла несправакаваную атаку на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Гэтая атака парушае асноўныя прынцыпы міжнароднага права і кідае выклік Статуту ААН.

Асудзілі рашэнне Пуціна і прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, і старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Яны абмяркоўвалі сітуацыю па тэлефоне і ў выніку заклікалі Расію "знізіць напружанасць і знайсці дыпламатычнае развязанне сітуацыі". Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, які па выніках размовы выпусціў канадскі бок.

У Турцыі прызнанне незалежнасці ДНР і ЛНР назвалі "непрымальным" і "адпрэчваюць яго". Дзеянні Масквы асуджаюць і ў Токіа. Там заявілі, што ў каардынацыі з партнёрамі разглядаюць варыянты "жорсткага адказу" на рашэнне РФ.

Не стаіць пытанне пра прызнанне Данецкай і Луганскай народных рэспублік і перад Казахстанам. Краіна будзе зыходзіць з прынцыпаў міжнароднага права і асноўных палажэнняў Статута ААН, заявіў кіраўнік МЗС гэтай краіны Мухтар Тлеўбердзі. У Беларусі пакуль ніяк не пракаментавалі гучныя навіны з Масквы.

Пазіцыя Кітая

Стрыманую пазіцыю заняў Кітай. Там заявілі, што цяпер вельмі важна не дапусціць эскалацыі канфлікту. Пекін звярнуўся да ўсіх бакоў з заклікам праявіць стрыманасць.

"Трэба ліквідаваць рознагалоссі шляхам перамоў і пазбегнуць таго, каб адбылася далейшая эскалацыя канфлікту", — заявіў на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь.

Санкции и границы  — что известно к этому моменту о признании ДНР и ЛНР
Украінскі вайсковец на лініі судакранання ў Данецкай вобласці / Reuters

"Украіна нічога нікому не аддасць"

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні выступіў са зваротам да нацыі. Ён заявіў, што Украіна нікому не аддасць свае тэрыторыі, але будзе прытрымлівацца дыпламатычнага і мірнага шляху развязання праблемы.

"Мы на сваёй зямлі. Мы нічога і нікога не баімся. Мы нічога нікому не павінны. Мы нічога нікому не аддамо. Мы ў гэтым упэўненыя", — сказаў ён .

Ён паведаміў, што ініцыяваў скліканне саміту краін нармандскага фармату (Германія, Расія, Украіна, Францыя) і спецыяльнае пасяджэнне АБСЕ.

Таксама ён сказаў, што ў яго няма часу на доўгія лекцыі па гісторыі, ён гатовы гаварыць пра рэаліі. "За мной Украіна ў яе міжнародна-прызнаных межах, і яны застануцца такімі, нягледзячы на якія-небудзь дзеянні або заявы РФ", — запэўніў украінскі лідар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі