Прынцэса Кейт трапіла ў аб’ектывы пасля лячэння ад раку — #ІхНоравы
Агляд міжнародных навін за 23 верасня 2024 года.
У гэтым выпуску — толькі добрыя навіны. Пра тое, што прынцэса Кейт, за якую хвалявалася ледзь не палова планеты, у парадку. Пра тое, што можа існаваць ідэальная ісламская дзяржава з алкаголем і апранутымі як ім падабаецца жанчынамі. Пра тое, што весці дзённік карысна не толькі для ментальнага здароўя, але і каб расказаць пра тое, што насамрэч адбываецца ў наш час, наступным пакаленням.
Падрабязней пра гэта чытайце ў нашай штодзённай падборцы сусветных навін.
Кейт Мідлтан упершыню пасля хіміятэрапіі выйшла на публіку
Прынцэса разам з мужам, будучым каралём Вялікабрытаніі Уільямам, у нядзелю, 22 верасня, наведала царкву ў каралеўскай сядзіме Балмарал у Шатландыі. Тамсама прысутнічалі кароль Карл з жонкай Камілай.
Прынцэса Кейт ехала на пярэднім пасажырскі сядзенні, побач з Уільямам. Яна была з распушчанымі валасамі, у капялюшыку, завушніцах, без заўважнага макіяжу і выглядала спакойна.
Прынцэса падчас лячэння не паказвалася на публіцы, але цяпер паволі вяртаецца да сваіх грамадскіх абавязкаў. Днямі яна нават правяла сустрэчу ў Віндзарскім замку.
Албанія хоча стварыць у сябе аналаг Ватыкана, толькі ісламскі
Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама. Ён кажа, што гэта будзе незалежная мікрадзяржава ў межах свецкай Албаніі, якая будзе вызнаваць ідэальны, “талерантны”, іслам.
Паводле плана, утварэнне будзе называцца “Суверэнная дзяржава Ордэна бекташаў” — шыіцкага суфійскага руху ў ісламе, які паходзіць з Турцыі XIII-XIV стст.
Дзяржаве аддадуць каля 10 гектараў у межах сталіцы Албаніі, горада Тырана — гэта на чвэрць меншая плошча, чым у Ватыкана.
Бекташы хочуць мець сваю ўладу і пашпарты. У анклаве будзе дазволены алкаголь, не будзе іншых абмежаванняў, у тым ліку што да жаночага адзення.
Албанскі прэм’ер кажа, што дзяржава бекташаў можа стаць прыкладам “талерантнай версіі ісламу”.
"Мы павінныя берагчы гэты скарб — рэлігійную цярпімасць, якую не мусім успрымаць як тое, што само сабой разумеецца", — кажа ён у інтэрв'ю The New York Times.
Духоўны лідар бекташаў дэрвіш Баба Мондзі спадзяецца, што ідэальную ісламскую дзяржаву, якая існуе пакуль толькі ў праекце, прызнае міжнародная супольнасць.
“Мы заслугоўваем сваёй дзяржавы. Мы адзіныя ў свеце, хто кажа праўду пра іслам і не змешвае яго з палітыкай”, — кажа ён.
Знойдзены дзённік салдата, які збег з ад нацыстаў
Рукапіс брытанскага салдата пра тое, як ён уцёк з нацысцкага канцлагера падчас Другой сусветнай вайны, раптоўна знайшоў калекцыянер, што набыў на аўкцыёне скрынку з рэчамі таго часу. Сярод іх была запісная кніжка — дзённік шарагоўца Рэя Бэйлі, у якім ён апісваў сваё вяртанне ў Вялікабрытанію з палону.
— Большасць апублікаваных мемуараў пра Другую сусветную вайну была напісаная людзьмі значна пазней, але ён пісаў так, як вы пішаце пра адпачынак, у якім пабывалі 18 месяцаў таму, — ён памятаў яго вельмі добра. Я не думаю, што калі-небудзь можна будзе знайсці хоць нешта з напісанага салдатам у пачатку вайны, — цытуе калекцыянера Дэвіда Уілкінса ВВС.
Гэтыя ўспаміны ўжо выдадзеныя асобнай кнігай. У іх расказваецца, як 21-гадовы Рэй Бэйлі трапіў у армію і быў адпраўлены ў Францыю для ўзмацнення арміі саюзнікаў. Але ў чэрвені 1940-га войскі здаліся немцам. Рэй разам з саслужыўцамі трапіў у лагер для ваеннапалонных. Там яны заставаліся да траўня 1945-га.
Рэй Бэйлі аказаўся ўдачлівым — падчас транспартавання ён схаваўся ў кукурузным полі і збег. Пра свае ўцёкі, пра дні без ежы, пра тых, хто дапамагаў яму вярнуцца дадому праз акупаваную Еўропу і хаваў яго, ён і піша ў нататках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.