Бон Джові ўсіх расчуліў, і песні тут ні пры чым — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Брастаўчанін пакінуў машыну з адкрытымі вокнамі на 18 гадзін, а з яе ўсё роўна ніхто нічога не скраў. І з гэтай нагоды мы падабралі для вас не менш натхняльныя навіны з усяго свету. (Дзе чытаць астатнія, вы ведаеце самі.)

 

Мільярдэр у адкрытым космасе

Першы чалавек, які не з'яўляецца прафесійным касманаўтам, выйшаў у адкрыты космас. Хто ён? 41-гадовы мільярдэр Джарэд Айзекман. За касмічнай місіяй Polaris Dawn сачыў увесь свет, і калі вы прапусцілі, то зараз усё нагоніце.

Астранаўтаў павёз у космас карабель Crew Dragon кампаніі SpaceX. Джарэд сам прафінансаваў місію — і сам узначаліў яе. Ён — камандзір экіпажа, а не проста турыст. Вось што цікава: NASA тут наогул ні пры чым. Яны ажыццяўлялі нагляд за ракетай і самім касмічным апаратам Dragon, але толькі да таго, як той выйшаў у адкрыты космас.

А там, у космасе, "Дрэган" ужо сам па сабе. NASA афіцыйна заяўляла, што не мае ніякага дачынення да місіі Polaris Dawn. Карацей, усё гэта было вельмі рызыкоўна.

"Дома ў нас ва ўсіх шмат працы, але адсюль Зямля выглядае ідэальным светам", — кажа Джарэд.

Как это было

Але Джарэд не тое каб адразу ўзяў і выйшаў у адкрыты космас. У 2004 годзе ён пачаў браць урокі пілатавання і праз 5 гадоў паставіў сусветны рэкорд па кругасветным пералёце на лёгкім рэактыўным самалёце. А яшчэ заснаваў кампанію Draken International, якая валодае найбуйнейшым у свеце прыватным паркам вайсковых самалётаў.

Тут, вядома, узнікла шмат этычных пытанняў. Аглядальніца ВВС Джарджына Ранард піша, што на зямлі не бракуе праблем, для вырашэння якіх не хапае грошай. Але мільярдэры выбіраюць палёты ў космас. Гэта наогул разумна?

І тут жа адказвае: місія Polaris — не толькі пра тое, як вывесці ў адкрыты космас аднаго мільярдэра. "Паларыс" таксама займаецца навукай. Мэта місіі — вывучыць, як мікрагравітацыя ўплывае на рост каранёў раслін. Гэтыя веды мы зможам выкарыстаць, калі пачнём будаваць калоніі-паселішчы на Месяцы і Марсе.

 

Як далёка ты гатовы зайсці дзеля адзінства?

Далёка. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на некалькі секунд надзеў чырвоную кепку перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа падчас мерапрыемства, прысвечанага гадавіне тэрактаў 11 верасня.

Што? Навошта? Белы дом кажа, што на знак адзінства. Ну, гэта і праўда было міла.

Байдэн наведваў пажарных у Пенсільваніі непадалёк ад месца крушэння аднаго з чатырох сагнаных самалётаў. Пасажыры гэтага судна 11 верасня 2001 года аказалі супраціў баевікам і зламалі план "Аль-Каіды". Самалёт мусіў урэзацца ва ўрадавы будынак у Вашынгтоне — але гэтага не адбылося. Усе 40 чалавек на борце загінулі.

Джо Байдэн у кепцы перадвыбарнай кампаніі Дональда Трампа

У памяць пра гэты дзень Байдэн і прыехаў. Ён міла гутарыў з прыхільнікамі свайго апанента. На адным з іх была знакамітая чырвоная кепка, якую носяць прыхільнікі Трампа.

Байдэн прапанаваў мужчыну падпісаць кепку з прэзідэнцкім лога і памяняць яе на кепку Трампа. І тут некалькі прысутных пачалі заклікаць Байдэна надзець тую самую чырвоную кепку.

"Я не пайду так далёка!" — смяецца Байдэн, а потым... надзявае кепку пад апладысменты.

Гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля таго, як Трамп падчас дэбатаў з Камалай Харыс пажартаваў, што дашле ёй кепку з надпісам "Зробім Амерыку зноў вялікай". Перадвыбарчы штаб Трампа, вядома, паспеў абжартаваць гэты эпізод. Але, улічваючы кантэкст, нам усё гэта падаецца мілым. А вам?

 

Вы будзеце кранутыя, абяцаем

Памятаеце Бон Джові? Ну, легенду амерыканскай музыкі, таго самага, які праспяваў "And I'll love you, always". Дык вось, ён зноў здолеў усіх крануць — і зусім не песняй. Вось што здарылася.

Увечары ў аўторак жанчына пералезла праз агароджу пешаходнага моста ў Нэшвіле. Гэта гіганцкі мост над ракой, якая цячэ праз горад. Што здарылася ў жыцці гэтай жанчыны, мы не ведаем.

Усё магло скончыцца трагедыяй, але побач з'явіўся мужчына, які пачаў спакойна гаварыць з ёю. Пакуль жанчына стаяла на краі, яны размаўлялі. Вы ўжо зразумелі, што гэтым мужчынам і быў Бон Джові.

Пасля гэтай размовы жанчына пагадзілася перабрацца назад праз парэнчы — яна перадумала скакаць. На наступных кадрах, знятых камерай назірання, відаць, як сусветна вядомы музыка цёпла абдымае яе.

"Ад імя ўсіх, хто змагаўся (з адчаем): дзякуй, што спыніліся", — напісалі карыстальнікі сацсетак музыку.

Дарэчы, гэта той самы Бон Джові, які адкрыў чатыры рэстараны Soul Kitchen, што працуюць па схеме "плаці колькі можаш". А яшчэ ён фінансуе дабрачынныя ініцыятывы ў сферы нерухомасці і аховы здароўя.

Калі будзеце расчараваныя светам, успомніце пра Бон Джові.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі