ЗША хочуць пазбавіць Беларусь права голасу ў ICAO
Офіс ICAO ў Манрэалі / Reuters
Беларусь мусіць быць пазбаўленая права голасу ў міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO). Такую заяву зрабіў Чэслі Саленбергер, кандыдат на пасаду прадстаўніка ЗША ў Радзе ICAO, паведамляе "Голас Амерыкі".
На яго думку, гэта стане адказам на вымушаную пасадку самалёта кампаніі Ryanair у Мінску. Нагадаем, 23 траўня 2021 года борт, які ляцеў з Афін у Вільню, сеў у сталіцы Беларусі. Беларускія дыспетчары пераканалі пілотаў, што атрымалі паведамленне аб выбуховай прыладзе на борце лайнера. Пасля гэтага былі затрыманыя два пасажыры: блогер Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф'я Сапега.
Саленбергер падкрэсліў, што пасадка самалёта і арышт пасажыраў Ryanair "прадэманстравалі найгрубейшае невыкананне нормаў авіяцыйнай бяспекі" ўладамі Беларусі.
Такія сітуацыі не павінныя паўтарацца, падкрэсліў ён. Маніпуляванне пагрозай выбуху "падрывае давер паміж авіядыспетчарамі ў гэтым рэгіёне і пілотамі. І гэта парушае ўсе нормы".
"Мы мусім выкарыстоўваць усе рычагі ўлады, увесь магчымы наяўны ўплыў для ізаляцыі, для пакарання тых, хто робіць такое, каб знізіць імавернасць таго, што нехта яшчэ зробіць такое", —сказаў ён. Гэтую цытату прыводзіць агенцтва ТАСС.
Саленбергер — былы пілот. Ён вядомы тым, што ў 2009 годзе здолеў пасадзіць самалёт з непрацоўнымі рухавікамі на раку і такім чынам выратаваў пасажыраў. У апошнія гады ён займаўся праблемамі авіяцыйнай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.