ЗША і Калумбія вырашылі не пачынаць гандлёвую вайну з-за дэпартацыі імігрантаў

Дэпартацыя / usa.gov
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэзідэнт Калумбіі Густава Петра ў нядзелю ледзь не распачалі гандлёвую вайну. Прычынай стала кампанія па дэпартацыі нелегальных імігрантаў са Злучаных Штатаў. Трамп і Петра ўжо абвясцілі вайну ў сацсетках, але ў выніку вырашылі яе пакуль не пачынаць, піша bbc.com.
26 студзеня два амерыканскія ваенна-транспартныя самалёты павінны былі даставіць з штата Каліфорнія ў Калумбію групу нелегалаў, грамадзян гэтай краіны. Аднак прэзідэнт Калумбіі распарадзіўся адмовіць ім у пасадцы.
У адказ на гэта Дональд Трамп напісаў у сацсетцы, што ўводзіць 25-працэнтныя пошліны на ўвесь імпарт з Калумбіі (а праз тыдзень яны вырастуць да 50%), а таксама візавыя санкцыі супраць калумбійскага кіраўніцтва. На Калумбію прыпадае каля 20% імпарту кавы ў ЗША — гэта каля $2 мільярдаў у год. Акрамя таго, Калумбія экспартуе ў ЗША нафту, бананы, авакада, кветкі і іншыя тавары. Густава Петра паабяцаў ўвесці такія ж пошліны на амерыканскі імпарт.
Аднак позна ўвечары Белы дом паведаміў, што Калумбія адступіла, "пагадзілася на ўсе ўмовы прэзідэнта Трампа". Таму пошлін і санкцый не будзе, калі Калумбія не адмовіцца ад дамоўленасцяў.
У Калумбіі заявілі, што гатовыя адправіць за сваімі грамадзянамі прэзідэнцкі самалёт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.