ЗША не сталі падаўжаць місію ў Афганістане — вывад войскаў завершаны
Ваенная місія ЗША ў Афганістане завершана / Reuters
Ваенная місія ЗША ў Афганістане скончана, Злучаныя Штаты вывелі свае войскі і завяршылі аперацыю па эвакуацыі грамадзянскіх асоб з Кабула. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Пентагоне кіраўнік Цэнтральнага камандавання Узброеных Сіл ЗША генерал Кэнэт Макензі, паведамляе ТАСС.
Гэта азначае "заканчэнне амаль 20-гадовай місіі, якая пачалася ў Афганістане неўзабаве пасля 11 верасня 2001 года", сказаў ён. За гэты час тут загінулі больш за 2 400 вайскоўцаў ЗША і грамадзянскіх асоб, больш за 20 тысяч былі параненыя.
Макензі таксама распавёў, што апошні ваенна-транспартны самалёт вылецеў з міжнароднага аэрапорта Кабула пасля паўдня 30 жніўня. Яшчэ адзін самлет вылецеў крыху пазней. На яго борце быў часовы павераны ў справах ЗША ў Афганістане Рос Уілсан.
Тым часам прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паабяцаў у аўторак растлумачыць сваё "рашэнне не падаўжаць" амерыканскую "прысутнасць у Афганістане пасля 31 жніўня". Пакуль ён толькі ўдакладніў, што прыняў гэта рашэнне па рэкамендацыі ваенных.
"На іх думку, завяршэнне нашай ваеннай місіі з'яўлялася лепшым спосабам захаваць жыцці нашых вайскоўцаў і забяспечыць у перспектыве выезд з Афганістана тых грамадзянскіх асоб, якія хочуць гэта зрабіць у наступныя тыдні ці месяцы", — сказаў прэзідэнт ЗША.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што аперацыя па эвакуацыі людзей з Кабула была адной з самых складаных у гісторыі ЗША. Былі вывезены больш за 123 тысяч чалавек, у тым ліку каля 6 тысяч амерыканскіх грамадзян.
Ён таксама сказаў, што ЗША не давяраюць афганскаму руху "Талібан", але гатовыя ўзаемадзейнічаць з ім, калі гэта будзе адпавядаць амерыканскім інтарэсам.
"Талібан" імкнецца да міжнароднага прызнанні і падтрымцы. Мы на гэта адказваем: легітымнасць і падтрымку трэба заслужыць", — адзначыў ён.
Між тым талібы ўжо просяць сусветную супольнасць аказаць усебаковую дапамогу афганскаму народу. Гаворка ідзе аб падтрымцы "ў такіх сферах, як эканоміка, адукацыя і ахова здароўя".
Талібы пачалі браць краіну пад кантроль пасля таго, як стала вядома, што ЗША завяршаюць сваю місію ў Афганістане і выводзяць войскі. Аб гэтым рашэнні Джо Байдэн заявіў 15 красавіка. А ўжо 15 жніўня талібы без бою ўвайшлі ў Кабул. Прэзідэнт Ашраф Гані пакінуў Афганістан. Непадкантрольнай талібам застаецца толькі правінцыя Панджшэр. Супраціў тут узначальвае Ахмад Масуд, сын вядомага палявога камандзіра Ахмада Шаха Масуда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.