Талібы захапілі Кабул, у аэрапорце шмат людзей, якія хочуць пакінуць краіну

Талібы каля аэрапорта ў Кабуле​ / Reuters
Талібы каля аэрапорта ў Кабуле​ / Reuters

Талібы ўзялі пад кантроль сталіцу Афганістана Кабул. Напярэдадні фарміраванні гэтага радыкальнага ісламісцкага руху пачалі наступ на сталіцу краіны па ўсіх напрамках.

Тэлеканала Al Arabiya паведамляў, што баевікі "Талібану" ўвайшлі ў Кабул без бою і занялі дзяржаўныя ўстановы, пакінутыя ўрадавымі сіламі. Прэзідэнт Рэспублікі Ашраф Гані пакінуў краіну. Над прэзідэнцкім палацам узняты сцяг "Талібану". Прадстаўнікі руху ўжо заявілі, што не маюць намер фармаваць кааліцыйны ўрад.

"Мы ваявалі не для таго, каб дзяліцца ўладай з кім-небудзь", цытуе аднаго з высокапастаўленых удзельнікаў руху "Талібан " брытанская газета The Times.

Кабул ужо пакінулі большасць супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў заходніх краін. Акрамя таго, Дзярждэпартамэнт ЗША ў нядзелю распаўсюдзіў заяву, якую падтрымалі каля 60 краін свету. Асноўны пасыл — усе жадаючыя, грамадзяне Афганістана і замежнікі, павінны мець магчымасць з'ехаць з краіны.

У ноч на панядзелак у аэрапорце Кабула знаходзілася шмат людзей, якія спрабавалі пакінуць рэгіён.  

Амерыканскім вайскоўцам нават давялося страляць у паветра ў аэрапорце Кабула, дзе вялізны натоўп выйшаў на ўзлётна-пасадачную паласу, паведамляе ТАСС.

Беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца ў Афганістане, могуць звяртацца па дапамогу ў пасольства ў Таджыкістане, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Ён нагадаў, што ў Беларусі няма дыпмісіі ў Афганістане, але "па сумяшчальніцтве гэтую краіну курыруе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане".

Мінулай вясной ЗША заявілі аб вывадзе сваіх войскаў з Афганістана. Працэс пачаўся ў траўні і павінен быў закончыцца да верасня. Разам з Амерыкай свае войскі пачалі выводзіць і краіны НАТА. З сыходам амерыканскіх войскаў "Талібан" пачаў імклівы наступ на пазіцыі афганскай арміі, і ў выніку захапіў усю краіну. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі