ЗША не здымуць санкцыі, пакуль улады Беларусі не спыняць рэпрэсіі
Злучаныя Штаты не здымуць санкцыі з беларускага кіраўніцтва, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Пра гэта гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамента ЗША, якую падпісаў дзяржсакратар Энтані Блінкен.
Паводле звестак праваабаронцаў, на 27 студзеня ў зняволенні ў Беларусі знаходзяцца 1007 палітвязняў.
ЗША настойваюць на неадкладным і безумоўным вызваленні палітвязняў і адказнасці вінаватых у рэпрэсіях. "Мы заклікаем Беларусь выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, як дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, і міжнародныя прававыя абавязацельствы па абароне правоў і асноўных свабод чалавека. Мы падтрымліваем народ Беларусі, які імкнецца да будучыні, заснаванай на вяршэнстве закона і адказным дэмакратычным дзяржкіраванні", — гаворыцца ў заяве.
Як вядома, беларускія ўлады адмаўляюць наяўнасць палітвязняў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў — толькі крымінальныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.