ЕС назваў ганебнай вяхой лічбу ў 1000 палітвязняў у Беларусі
Еўрасаюз адрэагаваў на тое, што колькасць палітвязняў у Беларусі перавысіла 1000 чалавек. Адпаведную заяву апублікаваў прадстаўнік ЕС па пытаннях замежных спраў і палітыкі бяспекі Петэр Стана.
"Колькасць палітвязняў у Беларусі цяпер дасягнула 1000 і працягвае расці. Гэтая ганебная вяха адлюстроўвае працяг рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць уласнага насельніцтва. Акрамя таго, многія тысячы пратэстоўцаў збеглі з краіны, каб пазбегнуць пераследу", — гаворыцца ў заяве.
Петэр Стана падкрэслівае, што сёння ў Беларусі немагчымая дзейнасць ні дэмакратычнай палітычнай апазіцыі, ні свабодных і незалежных СМІ. Пры гэтым рэжым Лукашэнкі працягвае затрымліваць людзей, якія зазнаюць жорсткае абыходжанне і катаванні. Людзям на палітычных працэсах, якія ідуць за зачыненымі дзвярыма, прысуджаюць вялікія тэрміны зняволення.
Згадвае Стана і тое, што юрыдычная абарона палітвязняў таксама стала небяспечнай: свае ліцэнзіі страцілі больш за 40 адвакатаў.
Ён заклікае беларускія ўлады выконваць міжнародныя абавязанні ў рамках ААН і АБСЕ. "ЕС зноў заяўляе пра сваё патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных", — заяўляе прадстаўнік ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.