ЗША патрабуюць неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен / Reuters
ЗША патрабуюць неадкладнага вызвалення Рамана Пратасевіча, заявіў дзяржсакратар краіны Энтані Блінкен.
Па яго словах, "Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць прымусовае змяненне напрамку палёту паміж двума краінамі-членамі ЕС і наступны арышт журналіста Рамана Пратасевича ў Мінску".
Тое, што адбылося з бортам Ryanair на тэрыторыі Беларусі дзяржсакратар ЗША назваў "шакавальным актам". Па яго словах, дзеянні беларускіх уладаў паставілі пад пагрозу жыцці больш за 120 пасажыраў, у тым ліку грамадзян ЗША.
"Першапачатковыя паведамленні аб дачыненні беларускіх службаў бяспекі і выкарыстанні беларускіх вайсковых самалётаў для суправаджэння борта выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць і патрабуюць поўнага расследавання", — адзначыў Блінкен.
Ён таксама паведаміў, што Вашынгтон каардынуе сваю рэакцыю з партнёрамі ў ЕС. ЗША таксама выступілі за больш хуткае пасяджэнне Рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, дзе быў бы разгледжаны гэты інцыдэнт.
У нядзелю ў Мінску здзейсніў вымушаную пасадку самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Для суправаджэння борта ў мінскі аэрапорт беларускія вайскоўцы выкарыстоўвалі знішчальнік. Прычынай такіх дзеянняў назвалі паведамленне аб мініраванні самалёта. Выбуховага прыстасавання на борце не знайшлі. Але быў затрыманы адзін з пасажыраў — журналіст Раман Пратасевіч, у дачыненні да якога ў Мінску распачата крымінальная справа па некалькіх артыкулах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.