ЗША плануюць перадаць Украіне касетныя боепрыпасы
Касетны боепрыпас / Alfred Hackensberger/Twitter
Злучаныя Штаты вылучаць Украіне новы пакет ваеннай дапамогі на 800 мільёнаў долараў. У гэтую дапамогу будуць уключаныя касетныя боепрыпасы, заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван на прэс-канферэнцыі.
Касетная зброя забароненая ў сотні краін, бо лічыцца ненадзейнай і недакладнай зброяй, ад якой часта церпяць грамадзянскія асобы пасля заканчэння ваеннага канфлікту. Да адпаведнай міжнароднай дамовы, прынятай у 2008 годзе, не далучыліся ні ЗША, ні Украіна, ні Расія, адзначае hromadske.ua.
Касетныя бомбы і боепрыпасы змяшчаюць ад двух да некалькіх соцень аднатыпных касетных баявых элементаў, якія раскідваюцца на зададзенай вышыні над паверхняй зямлі. У выніку яны забяспечваюць паражэнне большай плошчы ў параўнанні з боепрыпасам-манаблокам.
Джэйк Саліван падкрэсліў, што ЗША ўсведамляюць пагрозу ад касетных боепрыпасаў, таму і адкладалі гэтае рашэнне як мага даўжэй. "Але таксама існуе велізарная рызыка прычынення шкоды грамадзянскаму насельніцтву, калі расійскія войскі і танкі перакінуцца на ўкраінскія пазіцыі, захопяць больш украінскай тэрыторыі і заняволяць больш украінцаў", — патлумачыў ён.
Прадстаўнік Белага дома дадаў, што Украіна абавязалася размініраваць тэрыторыі пасля завяршэння вайны, каб зменшыць патэнцыйную пагрозу для грамадзянскіх асобаў. Прычым украінцы будуць гэтым займацца незалежна ад рашэння ЗША, бо Расія шырока выкарыстоўвае касетныя боепрыпасы.
"Украіна не будзе выкарыстоўваць гэтыя боепрыпасы ў нейкай чужой краіне. Гэта іх тэрыторыя, якую яны абараняюць, яны абараняюць сваіх грамадзян, і яны матываваныя выкарыстоўваць любыя віды ўзбраення, якія маюць", — падкрэсліў Саліван.
Таксама ў новы пакет дапамогі ўвойдуць дадатковыя боепрыпасы для ЗРК Patriot, кіраваныя ракеты AIM-7, зенітна-ракетныя комплексы Stinger, дадатковыя боепрыпасы для HIMARS ды інш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.