ЗША зноў папярэдзілі Лукашэнку, каб і не думаў удзельнічаць у атацы на Украіну
ЗША зноў папярэдзілі ўлады Беларусі, каб і не думалі ўдзельнічаць у магчымай атацы Расіі на Украіну. У адваротным выпадку афіцыйны Мінск чакае "хуткі і рашучы адказ" з боку Злучаных Штатаў, іх саюзнікаў і партнёраў. Пра гэта на брыфінгу ў Вашынгтоне заявіў Нэд Прайс, кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента. Ён нагадаў, што ЗША ўжо "далі зразумець Беларусі", якія могуць быць наступствы, калі яна "дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну".
Днямі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі атрымалі папярэджанне з Дзярждэпартамента ЗША. "Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: ды калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, дазволіце гэта, тое, то мы ўвядзём санкцыі, — гаварыў ён. — Калі вы гэтую ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэтае".
"Мы вельмі выразна агучвалі нашу занепакоенасць нарошчваннем войскаў у краіне, якая павінна быць незалежнай і суверэннай", — сказаў Нэд Прайс на згаданым брыфінгу. Паводле яго слоў, павелічэнне расійскіх войскаў у Беларусі з'яўляецца падставай для глыбокай заклапочанасці.
Больш таго, кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента заявіў, што калі расійскія войскі атакуюць Украіну з тэрыторыі Беларусі ці хаця б застануцца на беларускай тэрыторыі на пастаяннай аснове, NATO можа перагледзець "сваю расстаноўку сіл у краінах, якія мяжуюць з Беларуссю". Як вядома, улады Беларусі ўжо цяпер абураюцца колькасцю войскаў у Польшчы, Літве каля мяжы з Беларуссю (яны там з'явіліся падчас міграцыйнага крызісу, адказнасць за які ўскладаецца на афіцыйны Мінск). Лукашэнка адмаўляе, што ва ўладаў Беларусі ёсць агрэсіўныя планы ў дачыненні Украіны. Пры гэтым каля паўднёвай мяжы з'явіліся расійскія войскі, якія прыбылі ў Беларусь нібыта для ўдзелу ў вучэннях, запланаваных на люты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.