Звольніўся гомельскі дэкан, які не хацеў караць студэнтаў за акцыі
З Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. Сухога звольніўся экс-дэкан факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм Уладзімір Лук'яненка.
Ён набыў вядомасць тым, што адмовіўся караць студэнтаў за ўдзел у акцыях пратэсту. За гэта Лук'яненка спярша перастаў быць дэканам, а цяпер і зусім сышоў з ВНУ.
"Не працуе з 28 снежня. Дачакаўся сесіі, не хацеў нас кідаць, а калі мы здалі ўсе іспыты, звольніўся", — распавядаюць студэнты ў каментары TUT.by.
Лук'яненка ж у гутарцы з журналістамі заявіў, што сышоў не толькі з універсітэта, а ўвогуле з сістэмы адукацыі.
Як распавядала Еўрарадыё, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Уладзімір Лук'яненка адпрацаваў ва ўніверсітэце імя П. Сухога амаль 10 гадоў. На пасадзе дэкана ён працаваў сем месяцаў. Калі яго папрасілі вынесці заўвагі або вымовы студэнтам, якія ўдзельнічалі ў пратэсных акцыях, Лук'яненка адмовіўся — і праз некалькі дзён перастаў быць дэканам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.