Зяленскі пракаментаваў пераход вагнераўцаў у Беларусь
Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / @etorostov
Вагнераўцы з тэрыторыі Беларусі наўрад ці будуць каму пагражаць, бо іх кантынгент будзе не вельмі вялікім. Такое меркаванне выказаў Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы. Як распавядала Еўрарадыё, Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа сёння прыбылі з візітам у Кіеў.
"Больш за 20 тысяч вагнераўцаў было знішчана, таму тая колькасць, якая сышла, скажам так, у станоўчым сэнсе пайшла на Маскву, і колькі іх было ў нас — параўноўваць гэта немагчыма", — цытуе УНІАН словы ўкраінскага прэзідэнта.
Таксама Зяленскі мяркуе, што Украіна можа не асцерагацца агрэсіі вагнераўцаў з беларускай тэрыторыі.
"Што датычыць нашай разведкі — наша армія лічыць, што сітуацыя на поўначы нашай дзяржавы з-за прысутнасці вагнераўцаў у Беларусі нязменная і кантраляваная... У нас такога, што ў іх адбывалася — на тэрыторыі Расіі, не атрымаецца. Усё ж у нас магутная і сучасная армія не на словах, і ўсе гэта разумеюць", — дадаў Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.