Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускага паралімпійца Талая і яго фонду

Аляксей Талай

Аляксей Талай / БелТА

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў персанальныя санкцыі ў дачыненні да беларускага спартоўца-паралімпійца Аляксея Талая, а таксама яго дабрачыннага фонду. Яго вінавацяць у суўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей.

Дакумент апублікаваны на афіцыйным партале ўкраінскага прэзідэнта. Персанальныя абмежаванні ўводзяцца тэрмінам на 5 гадоў. Санкцыі прадугледжваюць блакаванне актываў, забарону на любыя фінансавыя аперацыі, арэнду жытла ці набыццё зямельных дзяльніц і шэраг іншых абмежаванняў.

Талай стаў першым і пакуль што адзіным беларусам, супраць якога Зяленскі ўвёў персанальныя санкцыі.

 

Вываз дзяцей (і іх перавыхаванне)

На гэтым тыдні лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя (Yale HRL) апублікавала 16 лістапада справаздачу "Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны". Гэты дакумент фіксуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму ў вывазе ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

У справаздачы называецца колькасць дэпартаваных дзяцей, месцы, маршруты і праграмы перамяшчэння. Таксама называюцца ключавыя асобы ў прыняцці і выкананні рашэння пра вываз.

Амерыканскія расследвальнікі, спасылаючыся ў тым ліку на інфармацыю Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, выявілі, што ў 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 года было вывезена не менш за 2442 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, сярод іх былі і з уразлівых групаў. Большая частка — 2050 украінскіх дзяцей — трапіла ў беларускі лагер "Дубрава".

Паводле звестак HRL, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей была непасрэдна ўзгодненая Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным пры падтрымцы спецслужбаў Расіі і Беларусі — у тым ліку расійскім Следчым камітэтам і "ўнутранымі войскамі Беларусі". Расследвальнікі прыйшлі да высновы, што Лукашэнка непасрэдна кантралюе ўдзел Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей. Таксама адзначаецца важная роля, якую адыгралі паралімпіец Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе арганізацыя "Дэльфіны" і ААТ "Беларуськалій".

HRL заяўляе пра сістэматычнае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей. Прынамсі дзевяць груп украінскіх дзяцей у васьмі з 13 установаў зазналі "перавыхаванне": ім "прапагандавалі культурныя, гістарычныя, грамадскія, патрыятычныя ды іншыя ідэі, якія адпавядаюць палітычным інтарэсам рэжымаў у Беларусі і Расіі". Не менш за шэсць дзіцячых груп прайшлі ў Беларусі вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку на базах органаў унутранай бяспекі Беларусі.

Як адзначаецца ў справаздачы, у "перавыхаванне" былі ўключаныя расійскія і беларускія чыноўнікі і арганізацыі (у тым ліку прарэжымныя грамадскія арганізацыі), ультранацыяналістычныя экстрэмісцкія групы, дзяржаўныя прамысловыя кампаніі, мясцовыя арганізацыі ў Беларусі і палітыкі, якія падтрымліваюць рэжым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі