Зянон Пазняк: Перавезці архівы з Беларусі не ўдалося (фота)
Вядомы беларускі палітэмігрант прэзентаваў у Варшаве сваю новую кнігу.
Сустрэчу з Зянонам Пазняком 14 студзеня ў Collegium Civitas арганізавала "Беларуская Нацыянальная Памяць". Прэзентацыі новых кнігаў кіраўніка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ праходзяць у польскай сталіцы практычна штогод. На гэты раз Пазняк прадставіў сваю кнігу “Тэрра Дэй”. У ёй на 400 старонках сабраныя каля трох сотняў фотаздымкаў, амаль столькі ж вершаў, дзясяткі апавяданняў, эсэ і артыкулаў Зянона Пазняка.
“Тэрра Дэй” — гэта лацінскі выраз, які азначае “зямля Бога”. Такой у кнізе палітык хацеў паказаць Беларусь.
Вось што Зянон Пазняк распавёў Еўрарадыё:
“Задума была такая, каб паказаць Беларусь як Божую зямлю. Але я думаю, што мне не ўдалося гэтую задуму правесці, бо трэба было хаця б перавезці архівы з Беларусі. Гэта не ўдалося. А так я расшырыў сваё бачанне на іншыя краіны і на тыя мясціны, якія некалі былі Беларуссю. Гэта — Віленшчына, Беласточчына, Сакольшчына, Аўгустоўшчына. Ёсць шмат пейзажаў і тэкстаў пра гэта [у кнізе]”.
На заканчэнне сустрэчы Пазняк падпісваў кнігі. Усе жадаючыя фатаграфаваліся з палітэмігрантам і пісьменнікам.