З'явіўся тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
На сайце кіраўніка дзяржавы з'явіўся тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведную пастанову Савета бяспекі. 12 сакавіка дакумент абмяркоўваўся падчас пасяджэння гэтай структуры. У той жа дзень у Telegram з'явіўся яго тэкст на 22 старонках. За гэтыя дні ён быў дапоўнены і цяпер складаецца з 30 старонак. Тэкст пра беларускую мову, якая "садзейнічае павышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства і фармаванню яго духоўнасці", а таксама выступае "гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы", прысутнічае і ў канчатковым варыянце.
У "Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" адлюстраваныя сучасныя выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы, якія ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржавы. Сярод такіх пагрозаў — маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцяў, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры. У пастанове Саўбеза адзначаецца, што дзяржаўныя органы ў сваёй дзейнасці мусяць кіравацца "Канцэпцыяй...".