3 сакавіка Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным у Маскве
У расійскай сталіцы пройдзе паседжанне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным 3 сакавіка ў Маскве. У гэты дзень у расійскай сталіцы пройдзе паседжанне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы. Пра гэта РІА "Новости" паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Ён не пацвердзіў, што на паседжанні будзе абмяркоўвацца пытанне выдачы Мінску крэдыта, аднак адзначыў: "Безумоўна, будзе закрануты ўвесь комплекс двухбаковых расійска-беларускіх адносінаў".
Напярэдадні, падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты (гл. відэа), было заяўлена, што на паседжанні ў Маскве гаворка будзе ісці пра "пераасэнсаванне гандлёва-эканамічных адносін" паміж краінамі, пра ваенную дактрыну саюзнай дзяржавы.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў канцы студзеня заявіў, што ў выпадку неабходнасці Расія "заўсёды падставіць плячо". Аднак, паводле яго слоў, пакуль патрэбы ў буйных крэдытах няма. Пазней міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў паведаміў, што Масква гатовая прадаставіць Мінску новыя крэдыты "ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі".
Дарэчы, сёлета на абслугоўванне знешняга доўга Беларусь накіруе каля 4 млрд долараў.
Фота: ria.ru