60-гадовага мінчука асудзілі на два гады калоніі за два ўдары амапаўцу
21 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў 60-гадовага мінчука Аляксандра Губейку на два гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым у гвалце супраць амапаўца (артыкул 364 Крымінальнага кодэкса), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Паводле абвінавачвання, 4 кастрычніка на акцыі ў падтрымку палітвязняў Губейка пры затрыманні супраціўляўся і двойчы стукнуў камандзіра аддзялення АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Андрэя Кавалёва (прозвішча і імя змененыя). Таксама гаворыцца, што мужчына спрабаваў вырвацца, хапаўся за абмундзіраванне.
Сваю віну Губейка на судзе не прызнаў. Ён распавёў, што ў той дзень каля 16:00 ішоў па праспекце Пераможцаў у краму па цукеркі і выпадкова апынуўся ў шэсці з бел-чырвона-белай сімволікай. Раптам пад'ехалі мікрааўтобусы, адкуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу і пачалі затрымліваць людзей. Сярод затрыманых апынуўся і Губейка. Мужчына кажа, што не супраціўляўся пры затрыманні.
У пастарунку ён падпісаў пратакол пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, бо, як кажа, быў у шоку і баяўся, што яго будуць біць. Губейка растлумачыў, што яго не білі, але ён бачыў іншых збітых затрыманых і асцерагаўся, што з ім зробяць гэтаксама. Потым ён адбыў 12 сутак арышту.
Суддзя звярнула ўвагу, што ў тлумачэнні ў РУУС Губейка прызнаўся, як "у нейкі момант не спецыяльна нанёс два ўдары па спіне супрацоўніку АМАП, у чым раскайваецца". На гэта мінчук адказаў, што даў тлумачэнні пад ціскам і яны не адпавядаюць рэчаіснасці.
Тксама Губейка расказаў на судзе, што 33 гады таму трапіў у сур'ёзнае ДТЗ, пасля якога доўга ляжаў у шпіталі з мноствам пераломаў. Правая рука ў яго дагэтуль дрэнна функцыянуе з-за складанага пералому пляча. Таму, па яго словах, ён не мог і не стаў бы біць супрацоўніка АМАП.
Пацярпелы "Андрэй Кавалёў" — камандзір аддзялення АМАП ГУУС Мінгарвыканкама. Ён заявіў, што 4 кастрычніка затрымаў пратэстоўца, які перакрываў праезную частку, і вёў яго ў аўтамабіль. У нейкі момант ён адчуў два ўдары па патыліцы, адпусціў затрыманага і павярнуўся. Ён пабачыў, што там стаяў Губейка ў "баявой стойцы", са сціснутымі кулакамі і замахваецца яшчэ. "Кавалёў" вырашыў, што яго стукнуў Губейка, бо паблізку нікога больш не было. Пры затрыманні Губейка, маўляў, адбіваўся, крычаў.
Пазней амапавец, па яго словах, адчуў, як яго ванітуе. "На наступны дзень лекар абследаваў, адправіў у шпіталь. Там я правёў 9-10 дзён", Ч паведаміў ён на судзе. У якасці кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ён запрасіў з Губейкі 2500 рублёў.
Словы "Кавалёва" пацвердзіў і дапытаны сведка з боку абвінавачвання са змененым прозвішчам "Вермут".
Адвакат звяртаў увагу на разыходжанне часу і месца злачынства з тым, што было напісана ў адміністрацыйным пратаколе. Ён указаў, што ў пратаколе пацярпелы быў названы сяржантам, а ў крымінальнай справе — старшым прапаршчыкам. Таксама пацярпелы мяняў паказанні наконт машыны, на якой прыбыў, і паказанні па наступствах для здароўя.
Але пракурор палічыў разыходжанні нязначнымі.
Суддзя вынесла акурат такі прысуд, як прасіў пракурор, — 2 гады пазбаўлення волі і 2500 рублёў кампенсацыі пацярпеламу "Кавалёву".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.