62 жыхары Мінска не плацяць за кватэры больш за тры гады
Толькі за жнівень-верасень 2016 года запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі ў Мінску вырасла на 222 454 рублі (каля 110 тысяч долараў). Па стане на 1 кастрычніка яна склала 2 246 702 рублі (каля 1 млн 123 тысяч долараў), пішуць "Мінск-Навіны".
Такія лічбы назвала вядучы спецыяліст аддзела па працы з насельніцтвам філіяла "Адзіны разлікова-даведачны цэнтр г. Мінска" КУП "Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама" Таццяна Іванюценка.
Па яе словах, у жылфондзе Мінска налічваецца 656 972 асабовых рахункаў. Запазычанасць па "камуналцы" маюць 36 106 з іх. Прычым 91% неплацельшчыкаў маюць невялікую запазычанасць — да трох месяцаў. Ад трох да шасці месяцаў не плацяць "камуналку" 1509 уласнікаў і наймальнікаў, ад шасці месяцаў да года — 1339, ад аднаго да трох гадоў — 429. Тых, хто ігнаруе жыроўкі больш за тры гады, набралася 62 чалавекі.