71-гадовага палітвязня асудзілі чацвёрты раз і пачалі судзіць зноў

Васіль Дземідовіч / spring96.org
Васіль Дземідовіч / spring96.org

5 траўня у Пухавічах пачаўся суд над 71-гадовым палітвязнем Васілём Дземідовічам з Нясвіжа. Яго абвінавачваюць у "абразе прадстаўніка ўлады". Для Дземідовіча гэта ўжо пяты суд, паведамляе @viasna96.

Чацвёрты нядаўна праходзіў у судзе Савецкага раёна Гомеля. Прысуд быў агучаны 2 траўня. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў Васіля Дземідовіча вінаватым у той жа "абразе прадстаўніка ўлады", а таксама ў "абразе суддзі", прызначыў два з паловай гады калоніі са штрафам. Шляхам частковага складання канчаткова прызначылі 7 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 4930 рублёў.

Палітвязня судзяць за рэпосты і каментары ў тг-канале "Карнікі Беларусі". Яго затрымалі ў пачатку 2022 года. Спачатку Дземідовіч быў пад хатнім арыштам, а пасля яму змянілі меру стрымання і змясцілі пад варту. Першы суд прайшоў у Гродне. У верасні мінулага года Васіля Дземідовіча асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф — 1600 рублёў. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў КК: у "арганізацыі масавых беспарадкаў" і "абразах"Аляксандра Лукашэнкі, суддзі і прадстаўніка ўлады.

Пасля былі і іншыя суды, не пра ўсе праваабаронцы маюць інфармацыю. Яны адзначаюць, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Палітвязня ўключылі ў "спіс тэрарыстаў", яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Акрамя гэтага, у Дземідовіча няма сваякоў, якія б маглі яго падтрымліваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі