95% беларусаў не ведаюць ніводнай замежнай мовы
Ці падзяляем мы еўрапейскія каштоўнасці? Сацыёлагі высветлілі, што толькі кожны шосты беларус ― сапраўдны “еўрапеец”. А для нашага грамадства характэрна культур
У першай палове 2010 года Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
разам з лабараторыяй НОВАК правялі апытанне на тэму “Беларусь і свет:
геапалітычны выбар і бяспека скрозь прызму эканомікі і культуры”. Падчас
даследвання высвятлялі, ці падзяляюць беларусы еўрапейскія каштоўнасці.
Еўрарадыё: Якія можна высновы зрабіць з вашага даследавання? Еўрапейцы мы ці не? Будзем рухацца ў гэты бок ці не?
Віталь Сіліцкі: Заўжды на пытанне “трэба стаць іншымі” паўстае пытанне “а што нам за гэта будзе?” У нас падобна на тое, што варыятыўнасць вялікая. Пры адэкватным маркетынгу і прапагандзе, грамадства можа пагадзіцца як на адно так і на другое. Пры такім раскладзе вырашаюць эліты… Але эліты таксама шукаюць дзе ім лепш. У гэтым яны ад народа не адрозніваюцца.
Якія менавіта каштоўнасці вы вызначалі як еўрапейскія падчас свайго даследавання? Якія з іх мы прымаем, якія не?
Сапраўды, вызначэнне еўрапейскіх каштоўнасцяў – справа вельмі суб’ектыўная, тут шмат умоўнасцяў. Ці гэта каштоўнасці, якіх прытрымліваецца большасць еўрапейцаў? Ці гэта тое, што прапагандуюць афіцыйныя эліты, або тое, што знаходзіцца ў падсвядомасці простых людзей? Каго лічыць еўрапейцамі – гэта толькі жыхары ЕС або рускія і туркі таксама?
Па нашых дадзеных 62% беларусаў у той ці іншай ступені выступаюць за крымінальны пераслед гомасексуалаў. У Бруселі, такіх бы на ганак не пусцілі, але наколькі такая пазіцыя адпавядае светапогляду тых самых літоўцаў ці палякаў? Там гей-парады грамяць не міліцыянеры, а звычайныя грамадзяне.
Таму, за аснову мы ўзялі ідэал еўрапейскай паліткарэктнасці, які задаецца брусельскім палітычным дыскурсам. Гэта павага да культурнай аўтаноміі, стылю жыцця, права прымаць уласныя рашэнні і весці той лад жыцця, які падабаецца мне, у незалежнасці ад таго, ці падабаецца ён каму іншаму.
Мы задавалі пытанні рэспандэнтам толькі па тым, што гарантуецца нашым законам і Канстытуцыяй. У нас афіцыйна няма крымінальнага пераследу за гомасексуальнасць, за аборт. У нас дазволеныя міжрасавыя шлюбы, царква і Закон Божы аддзелены ад дзяржавы.
У Беларусі чалавек можа карыстацца сваімі палітычнымі правамі і свабодамі так, як ён гэтага захоча. Гарантуецца свабода самавыражэння – забарона цэнзуры, свабода вядзення прыватнага бізнесу, якая нібыта таксама гарантуецца дзяржавай, свабода аб’яднання ў палітычныя партыі… Пра гэта ўсё мы і запытвалі.
То бок, мы замяралі стаўленне людзей да прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія ў нас афіцыйна гарантаваныя. Іншая справа, як яны выконваюцца?
І як людзі ставяцца да каштоўнасцяў, гарантаваных дзяржавай?
Па-рознаму. Чыстых еўрапейцаў у культурным плане ў нас каля 16%. Гэта людзі, якія не праяўляюць агрэсіі ні да каго – ні да прыезджых, ні да гомасексуалаў, ні да жанчын, якія робяць аборты, ні да тых, хто ўступае ў шлюбы з афрыканцамі ці азіятамі…
Ёсць тыя, хто набліжаецца – па культурным вымярэнні больш-менш прыдатных да афіцыйнага брусельскага дыскурсу ў нас каля траціны. Па палітычным вымярэнні, там ужо абсалютна іншая карціна. Тут талерантных людзей удвая больш. Павага да правоў і свабод чалавека ў нас даволі распаўсюджаная.
Таму, можна сказаць, што палітычная мадэрнізацыя адбываецца ў нашай краіне нашмат хутчэй, чым культурная.У некаторых рэчах, сапраўды, грамадская думка паказвае пазіцыі зусім не сумяшчальныя з тымі нормамі прыстойнасці, якія прынятыя ў блакітна-зорнай Еўропе.
Але трэба адзначыць, што не варта аўтаматычна ідэнтыфікаваць тое, што чалавек адкажа вам на пытанне з тым, як ён дзейнічае. Ён, напрыклад, будзе вельмі злосна адказваць на пытанне пра гомасексуалаў, але ў прыватным жыцці можа нікога не крануць. Думкі і дзеянні – гэта ўсё ж такі дзве розныя рэчы. З маральна і інтэлектуальна неталерантных людзей неабавязкова вырастаюць экстрэмісты, якія хапаюць бейсбольную біту і ідуць біць арабаў, геяў ці, як у Іране, закідваць камянямі жанчын, якія робяць аборты.
Як менавіта адбываліся замеры – кожны паказчык лічылі асобна?
Мы проста плюсавалі. Чалавек, які на пяць пытанняў ні разу не падтрымаў рэпрэсіўныя меры да іншых, цалкам адпавядае еўрапейскаму тыпу паліткарэктнасці. Там, дзе большасць адказаў неталерантныя – гэта ўжо цалкам заносілі ў цемрашалы.
Пра што кажа тое, што беларускае грамадства ў нашмат большай ступені гатовае да прыняцця “палітычных” еўрапейскіх каштоўнасцяў, чым “культурных”? Гэта звычайная сітуацыя? І ці падцягнецца культурнае за палітычным?
Гэта вельмі цяжка сказаць. У палітычным плане неталерантныя пачынаюць перамагаць дзесьці ва ўзросце каля 55-60 гадоў, бо моладзь разумее каштоўнасць палітычных правоў і свабод. То бок, аўтарытарны тып палітычнага мыслення пачынае перамагаць толькі ў самых старэйшых катэгорыях. А вось аўтарытарны тып культурнага мыслення ўжо набірае перавагу дзесьці на мяжы 30-годдзя.
То бок, культурны стэрэатып у нас пачынае закладвацца фактычна з дзяцінства. І ў сталае жыццё чалавек выходзіць ужо з ім. Гэта ўжо не растлумачыш проста спадчынай камунізму ці чагосьці… Традыцыйнае патрыярхальнае грамадства прадукуе гэтыя стэрэатыпы. Зразумела, што людзі з вышэйшай адукацыяй, моладзь, жыхары буйных гарадоў больш талерантныя. Але культура падазронасці да іншага, асабліва да іншага стылю жыцця, у нас захоўваецца. Для нашага грамадства яна даволі характэрная.
Ці параўноўвалі вы нас з іншымі краінамі? З краінамі Еўропы, напрыклад… Можа мы нават больш еўрапейскія, чым некаторыя краіны Еўропы?
Гэта вельмі цяжка вызначыць, магчыма, гэта наступны крок, які мы будзем рабіць. Вы задалі слушнае пытанне – без параўнання тут цяжка сказаць… Як ставіліся да тых самых геяў англічане ці немцы 40 год таму, я вось не ведаю.
У Брытаніі, напрыклад, гомасексуалізм быў пад забаронай здаецца да 1967 года, у Германіі ажно да 1993-га. У кансерватыўна-каталіцкай Польшчы гэтую забарону знялі ў 1932-м годзе, дарэчы. У Францыі ўсе гэтыя рэпрэсіўныя меры адмяніла яшчэ французская рэвалюцыя ў XVIII стагоддзі. Вось такі цікавы досвед.
З іншага боку, афіцыйна, крымінальную адказнасць можна адмяняць колькі заўгодна, але грамадства ўсё адно можа заставацца супраць… Напрыклад, возьмем смяротнае пакаранне. У Еўропе грамадскае меркаванне на гэты конт таксама неадназначнае. Там шмат хто быў супраць адмены смяротнага пакарання, але там рэферэндумы не праводзілі і адмянілі рашэннем парламента… І гэта прыклад, як еўракаштоўнасць, у грамадскім меркаванні Еўропы не прынялася.
Мы гэтае пытанне не закраналі, таму што яно з іншай плоскасці. Але тут я не думаю, што беларусы вельмі непадобныя на іншыя еўрапейскія краіны, асабліва краіны-суседкі, дзе рашэнне пра адмену смяротнага пакарання было чыста палітычным, яго прынялі эліты, якія не раіліся з грамадствам. У той жа Польшчы ці Літве на рэферэндуме адмена смяротнага пакарання ніколі не прайшла б. Час ад часу эліты не пытаюцца ў грамадства, і не заўжды гэта дрэнна.
Ці можа ў такім чынам улада падцягнуць грамадства да еўрапейскіх каштоўнасцяў?
Калі ёй гэта выгадна. У плане смяротнага пакарання, нашай дзяржаве гэта пакуль нявыгадна. І, безумоўна, большасць у грамадстве – супраць адмены смяротнага пакарання, прычым з вялікім адрывам.
А наадварот – грамадства можа падцягнуць улады да еўрапейскасці?
Гэта рэдка бывае, бо ўсё ж такі правілы гульні задаюць эліты.
Якія з традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў найбольш еўрапейскія? У чым мы лепш за ўсё, у чым горш?
А што такое традыцыйныя беларускія каштоўнасці? У самаацэнцы беларускага грамадства настолькі распаўсюджана самалюбаванне і самаўсхваленне… Зразумела, што кожны кулік сваё балота хваліць, але апошнім часам гэта разраслося проста ў нейкі сіндром. Як не паглядзіш на адказы, там паўсюль “дабрыня”, “талерантнасць”, “гасціннасць” і г.д. Нібыта гэта ўласціва толькі нашым людзям і нікому іншаму. Беларуса цяжка пераканаць, што еўрапеец можа быць гасцінным, напрыклад.
У той жа час, у беларусаў вельмі пазітыўнае стаўленне да еўрапейцаў у плане іх працавітасці. Працавіты, старанны, акуратны, руплівы, але скнара – такі вобраз еўрапейца склаўся ў грамадскай свядомасці беларуса, ён вельмі моцны. У нечым, з гэтым асацыююць сябе і беларусы.
Нам калісьці сказалі, што мы рускія, толькі са знакам якасці. Вось мы і еўрапейцы са знакам якасці – таму што яны працавітыя, але скнары, а расіяне духоўныя, але лянівыя. А мы – самыя лепшыя ў гэтай прасторы. Гэты вобраз культывуецца і ўмацоўваецца вельмі слабай камунікацыяй беларусаў са знешнім светам. У нас толькі каля 10% людзей рэгулярна ездзіць за мяжу, 80% – увогуле нікуды не выязджаюць.
37% беларусаў прагаласавалі б на рэферэндуме за ўваход Беларусі ў ЕС, а 33% - супраць. 37% - гэта вельмі шмат. Атрымоўваецца прыхільнікі прэзідэнта – за ўваход у ЕС?
Абсалютна не. Сярод тых, хто выступае за ўваход Беларусі ў Еўрасаюз, прыхільнікаў прэзідэнта не больш за 15-20%. Прычым лукашэнкаўскі і антылукашэнкаўскі электарат, у першую чаргу, як раз розніцца сваім геапалітычным выбарам. Тая частка адназначна глядзіць на ўсход, а гэтая частка, збольшага, на захад. Гэта адна з відавочных лініяў разлому.
Ці замяралі вы веданне англійскай мовы, як еўрапейскай каштоўнасці?
Гэта не каштоўнасць. Ведаеце, як казаў Астап Бэндэр, аўтамабіль – гэта не раскоша, а сродак перасоўвання. Замежная мова – гэта не каштоўнасць, а сродак камунікацыі. У нас толькі каля 5% людзей валодае замежнымі мовамі. 25% хацелі б вывучыць англійскую мову, але без прывязкі да нейкіх практычных рэчаў – для кар'еры, працы і г.д. Так, проста для цікавасці. А калі для цікавасці, то і рукі не даходзяць.
З пункту гледжання камунікацыі, у нас страшна нямое грамадства. Асабліва гэта заўважна па моладзі.
Для беларуса еўракаштоўнасць – гэта ў першую чаргу, правы чалавека альбо нейкія прэферэнцыі і льготы?
Беларус глядзіць на захад ці на ўсход і шукае дзе лепш. Куды павярнуцца, каб быў лепшы заробак, танныя кошты, большая пенсія, лепшае медыцынскае абслугоўванне, каб за жыллё менш плаціць…
То бок, нейкія матэрыяльныя рэчы?
Натуральна, у нас геапалітычны выбар абсалютна зрацыяналізаваны. Да абстрактных паняццяў, нейкіх ідэяў, канцэпцыяў і г.д беларусы ставяцца вельмі падазрона. Гэта вельмі рацыянальны, прыземлены стыль мыслення.
87% тых, хто галасаваў бы за Еўрапейскі саюз, вераць, што пасля далучэння да ЕС узровень жыцця ў Беларусі палепшыцца. Сярод тых, хто галасаваў бы супраць, у тое ж самае вераць 11%. Вось і ўся розніца. Людзі па-рознаму ацэньваюць свае матэрыяльныя перспектывы, у залежнасці ад узросту, сацыяльнай мабільнасці, кваліфікацыі і г.д.