ААН абавязвае рэжым Лукашэнкі выплаціць кампенсацыю Ціханоўскаму
Сяргей Ціханоўскі на мітынгу ў 2020 годзе
Рэжым Лукашэнкі павінен выплаціць кампенсацыю палітвязню Сяргею Ціханоўскаму за парушэнне правоў на свабоднае выказванне меркавання з выкарыстаннем мірнага сходу. Гэта гарантуецца артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Адпаведную пастанову прыняў Камітэт па правах чалавека ААН, піша "Салідарнасць" са словаў праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Рашэнне было прынятае на 142-й сесіі Камітэта ў кастрычніку, але апублікаванае толькі цяпер.
Паводле Судаленкі, афіцыйны Мінск не вызвалены ад выканання рашэнняў ААН, нягледзячы на тое, што ў 2023 годзе рэжым Лукашэнкі дэнансаваў Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (гэта значыць, грамадзяне Беларусі больш не змогуць звяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека).
Праваабаронца сцвярджае, што дзяржава абавязаная даць Ціханоўскаму кампенсацыю, у тым ліку грашовую. Таксама ўраду Беларусі даручана перагледзець нацыянальны закон "Аб масавых мерапрыемствах", каб яго практычнае ўжыванне не прыводзіла да такіх парушэнняў. На адказ беларускім уладам даецца 180 дзён.
У 2020 годзе Сяргей Ціханоўскі двойчы быў адміністрацыйна арыштаваныю Разам з праваабаронцам Леанідам Судаленкам ён абскардзіў гэтыя арышты ў Гомельскім абласным і ў Вярхоўным судах, але безвынікова. Пасля гэтага была пададзеная скарга ў Камітэт ААН па правах чалавека на беларускі рэжым, які не выконвае міжнародныя абавязацельствы.
Дарэчы, цяпер Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі ў рэжыме "інкамунікада" ўжо больш за 600 дзён. Што з ім адбываецца і ў якім ён стане — невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.